МЗС Літвы: эксперыментуйце з АЭС на пустцы, а не каля Вільні

28.04.2011 11:18
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што на беларускай АЭС, якую хочуць пабудаваць у 50-і кіламетрах ад Вільні, усталююць эксперыментальныя атамныя рэактары. "Хочацца толькі сказаць — паважаныя спадары, эксперыментуйце на пустцы, на незаселеных тэрыторыях, а не блізу гарадоў, не каля нашай сталіцы", — сказаў ён.

Па словах літоўскага прэм’ера, пакуль гэтыя рэактары не выпрабавалі на практыцы, нельга казаць пра іх бяспеку. «Гэта ўсяго толькі папяровая тэорыя», — лічыць ён, перадае DELFI.

Аўдронюс Ажубаліс адзначыў, што беларускі праект рэалізуецца з грубымі парушэннямі Канвенцыі Эспа і Канвенцыі аб ядзернай бяспецы. «Ключавыя правамерныя пытанні Літвы адносна ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе альбо застаюцца без адказу, альбо на іх даецца няпоўны адказ. Гэта найчыстая імітацыя, якая падтрымліваецца і прапагандысцкай інфармацыйнай кампаніяй, што нібыта на ўсе пытанні Літвы дадзены адказы, і Літву гэтыя адказы задавальняюць», — заявіў кіраўнік літоўскага ўрада.

Ажубаліс: будаўнікам беларускай АЭС людзі не важныя

Прэм’ер Літвы таксама адзначыў, што да гэтага часу не чуў, каб «прызнаная ў свеце кампанія, якая мае добрую рэпутацыю, выказала жаданне інвеставаць у праекты расійскай і беларускай АЭС, хоць нам вядома, што вядзецца ліхаманкавы пошук такіх інвестараў». Прычына гэтага, на яго думку, у тым, што адсутнічаюць адказы на пытанні адносна бяспекі і эканамічнай абгрунтаванасці праектаў. «Калі ўсё сапраўды бяспечна — навошта тады хаваць інфармацыю, адмаўляцца прымаць экспертаў, скарыстацца прапанаванай дапамогай? Гэта галоўны паказчык таго, што не ўсё ў парадку, і што мы ўсе ў вялікай небяспецы», — сказаў ён.

Аўдронюс Ажубаліс падкрэсліў, што Літва ўсё яшчэ не атрымала ад Беларусі поўнай інфармацыі аб магчымых пагрозах і рызыцы, з-за чаго не можа скласці планы эвакуацыі на выпадак аварыі на АЭС. «Застаецца толькі шкадаваць аб тым, што ініцыятарам суседніх праектаў людзі, мякка кажучы, не важныя. Бо мы гаворым не толькі аб Літве, але і аб грамадзянах Беларусі, Расіі. Грамадская дыскусія аб магчымай небяспецы душыцца, нават жыхарам Астравецкага раёна не дазваляецца выказваць сваё меркаванне «, — адзначыў літоўскі прэм’ер.

Разам з тым ён адзначыў, што не супраць развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі. «Наша асноўная пазіцыя — Літва не супраць імкненняў суседніх дзяржаў выкарыстоўваць атамную энергію, мы выдатна ведаем, што Літва і сама развівае ядзерную энергетыку. Аднак не толькі традыцыі добрасуседства, але і міжнародныя дамовы абавязваюць краіну паклапаціцца аб тым, каб яе амбіцыі былі ўзгодненыя з патрабаваннямі бяспекі і адказнасцю перад грамадскасцю сваёй краіны і ўсяго свету», — сказаў Аўдронюс Ажубаліс.

«Мы прымалі і будзем прымаць усе юрыдычныя меры, паўтараю — усе меры, каб не дапусціць ажыццяўлення небяспечных праектаў. Я веру, што ні Расія, ні Беларусь не могуць не чуць голас міжнароднай супольнасці, пытанне ў тым вырашацца яны ігнараваць гэты голас», — адзначыў палітык.

Как вам новость?
Головоломки