Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс 8 красавіка заявіў, што рашэнне Беларусі будаваць АЭС на пляцоўцы ў раёне Астраўца ў 50 кіламетрах ад Вільні — правакацыя. "Ёсць комплекс мер, якія Літва можа ўжыць, каб сітуацыя была празрыстай, каб пляцоўку пад АЭС адсунулі ад мяжы з Літвой, інакш як правакацыяй цяперашняе рашэнне Беларусі мы не можам назваць", — падкрэсліў кіраўнік літоўскага МЗС.
У парламенце Літвы 8 красавіка адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўваліся планы будаўніцтва АЭС у Беларусі. У абмеркаванні прынялі ўдзел старшыня парламенцкай камісіі па атамнай энергетыцы Літвы Рокас Жылінскас, прадстаўнікі беларускіх і літоўскіх няўрадавых арганізацый.
Кіраўнік МЗС Літвы па выніках пасяджэння адзначыў, што літоўскі бок будзе па-ранейшаму настойваць на атрыманні ад Беларусі інфармацыі па бяспецы будучайАЭС, перадае DELFI са спасылкай на BNS.
«Мы проста выконваем паўсядзённае працу, тое што мы павінны рабіць, спрабуем пераканаць, спрабуем атрымаць інфармацыю, спрабуем размаўляць з міжнароднымі партнёрамі і казаць аб сітуацыі ў міжнародным маштабе. Гэта, я думаю, адна з асноўных задач — каб Еўропа, свет, бачылі ясна, недвухсэнсоўна, што адбываецца ў гэтым рэгіёне», — заявіў Аўдронюс Ажубаліс.
Літва ў розных міжнародных арганізацыях пастаянна падымае пытанне аб бяспецы АЭС у Беларусі і Калінінградскай вобласці, але не выказвае прэтэнзій адносна планаў Польшчы пабудаваць дзве АЭС недалёка ад межаў Літвы. Афіцыйная Вільня таксама актыўна лабіруе закон аб забароне куплі электрычнасці ў Еўропе з небяспечных АЭС.
Як раней перадаваў Тэлеграф, 14 сакавіка Літва ўручыла Беларусі ноту пратэсту з нагоды справаздачы аб АУНА планаванай беларускай АЭС у адпаведнасці з Канвенцыяй Эспа. На думку літоўскага боку міжнародны працэс ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС не з’яўляецца завершаным, бо афіцыйны Мінск не праводзіў ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе сваёй планаванай АЭС у адпаведнасці з агульнапрынятымі міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізаваў публічных слуханняў гэтага праекта ў Літве і двухбаковых кансультацый, як гэтага патрабуе Канвенцыя Эспа. З гэтымі прэтэнзіямі беларускі бок пагадзіўся, аднак справаздачы, якія б адпавядалі патрабаванням, пакуль Літве не прадставіў.