МЗС Літвы: у беларускіх інтарэсах развеяць сумневы ў смерці Бябеніна

07.09.2010 17:10
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Літвы 7 верасня заклікала Беларусь старанна расследаваць абставіны смерці журналіста Алега Бябеніна і развеяць усе сумневы з гэтай нагоды. У паведамленні літоўскага МЗС таксама адзначаецца, што міністэрства замежных спраў Літвы назірае за наяўнай сітуацыяй.

«Мы лічым, што ў інтарэсах самой улады Беларусі дбайна даследаваць прычыны смерці Бябеніна, інфармаваць грамадства і развеяць магчымыя сумневы ў сувязі з абставінамі яго смерці», — гаворыцца ў афіцыйным каментары МЗС, перадае DELFI.

Таксама ў каментары МЗС Літвы падкрэсліваецца, што «абставіны смерці журналіста, заснавальніка апазіцыйнага сайту Charter 97, выклікалі неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве».

Пракуратура адпрацоўвае розныя версіі сімерці журналіста Бябеніна

Акрамя самагубства пракуратура адпрацоўвае і іншыя версіі смерці журналіста Алега Бябеніна. «Праваахоўнымі органамі праводзяцца актыўныя праверачныя мерапрыемствы па ўсталяванні іншых магчымых абставін здарэння», — заявіла ў інтэрв’ю тэлеканалу «Вести» начальніца Упраўлення інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці Таццяна Калініна.
 
Пракуратурай ўжо былі дапытаныя лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, грамадзкі актывіст Уладзімір Кобец, некаторыя сваякі Алега, сябры, суседзі па дому і па лецішчы.
 
Заўтра, 8 верасня, на допыт у пракуратуру запрошаныя прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка, перадае прэс-цэнтр «Хартыі 97».

Як раней перадаваў Тэлеграф, цела апазіцыйнага журналіста, заснавальніка сайту «Хартыі 97» Алега Бябеніна знайшлі 3 верасня на яго лецішчы пад Мінскам. Генеральная пракуратура Беларусі прыйшла да высновы, што апазіцыйны журналіст Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам. Калегі і родныя Алега Бябеніна не вераць у афіцыйную версію, сцвярджаючы, што для гэтага ў яго не было матываў.

У сувязі з гібеллю беларускага журналіста прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузек заклікаў улады Беларусі правесці аб’ектыўнае расследаванне абставінаў і прычынаў смерці журналіста.

Развіталіся з журналістам Алегам Бябеніным 6 верасня ў Мінску. Развітацца з ім прыйшлі журналісты, праваабаронцы, актывісты палітычных партый і рухаў Беларусі, дзеячы культуры. Пахавалі Алега Бябеніна на Усходніх могілках.

Как вам новость?
Головоломки