МЗС патрэбная цэласная стратэгія дыверсіфікацыі знешняга гандлю
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў заявіў 28 чэрвеня на нарадзе ў прэзідэнта аб неабходнасці фармавання цэласнай дзяржаўнай практычна арыентаванай стратэгіі дыверсіфікацыі экспарту і імпарту. "Дыверсіфікацыя — далёка не новае паняцце для курсу беларускай дзяржавы", — адзначыў кіраўнік МЗС.
«Пад кіраўніцтвам прэзідэнта ўжо закладзеныя асновы такой палітыкі. З 80-85% экспарту на карысць Расіі ў пачатку 90-х гадоў мы перайшлі да 32% у 2009 годзе. Адпаведна, з некалькіх працэнтаў да 44% у беларускім экспарце павялічылася доля Еўрасаюза», — заявіў міністр замежных спраў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Сяргей Мартынаў адзначыў, што пастаянна павялічваецца колькасць зборачных вытворчасцяў за мяжой, так толькі ў 2010 годзе да 54 ўжо наяўных дадалося 15 новых. «Але ў рэаліях сённяшняга дня ранейшых поспехаў ўжо недастаткова», — заявіў міністр.
Па словах кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, адным са стратэгічных напрамкаў дыверсіфікацыі айчыннай знешнегандлёвай палітыкі з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі. Міністр адзначыў, што за студзень-красавік 2010 года таваразварот з краінамі рэгіёну вырас да 550 млн. даляраў, пры гэтым экспарт склаў 337 млн. даляраў і вырас на 75% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года.
Мартынаў: у кожным рэгіёне варта шукаць апорныя кропкі
Кіраўнік МЗС заявіў, што ў кожным рэгіёне свету неабходна шукаць апорныя кропкі, з дапамогай якіх можна развіваць шырокамаштабныя і разнастайныя праекты з рознымі краінамі. У Лацінскай Амерыцы такімі кропкамі павінны стаць Венесуэла, Бразілія, Аргентына, Балівія і Куба, у Азіі — КНР, Індыя, Іран.
Недастаткова задзейнічаны, на думку Сяргея Мартынава, патэнцыял гандлю з Афрыканскім кантынентам, апорнымі кропкамі якога мусяць стаць Нігерыя на захадзе і Эфіопія на ўсходзе. Практычна «неараным» для беларускай знешнепалітычнай дзейнасці Сяргей Мартынаў назваў рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі з рынкамі Інданезіі, Філіпін, Тайланда. Кіраўнік МЗС таксама адзначыў неабходнасць развіцця з дзяржавамі Персідскага заліва праектаў рээкспарту беларускіх тавараў у краіны трэцяга свету.
У той жа час міністр заявіў, што для Беларусі застаюцца традыцыйнымі еўрапейскія рынкі, дзе галоўнай праблемай з’яўляецца «дамінаванне ў беларускім экспарце ў Еўропу сыравінных прадуктаў і тавараў з невысокім ПДВ». «Таму стаіць задача павелічэння экспарту ў рэгіён высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі», — паведаміў Сяргей Мартынаў.