МЗС Польшчы: дыялог Беларусі і ЕС ва "Усходнім партнёрстве" не працуе

07.06.2011 12:45
Архив

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі лічыць, што супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза і Беларусі ў рамках праграмы "Усходняе партнёрства" не працуе. "Усходняе партнёрства" мае на мэце рэалізацыю практычных мер для збліжэння краін з Еўрасаюзам. Калі, як у выпадку з Беларуссю, краіны не хочуць збліжацца з ЕС, то праграма, зразумела, не працуе", - адзначыў кіраўнік польскага МЗС.

Тым не менш Радаслаў Сікорскі лічыць магчымым супрацоўніцтва бакоў у пытанні спрашчэння візавага рэжыму, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

З 1 ліпеня Польшча будзе старшыняваць у ЕС. Радаслаў Сікорскі ў ліку прыярытэтаў ЕС у гэты час назваў эканамічнае аздараўленне і ўмацаванне ваеннага патэнцыялу Еўропы, падтрымку дэмакратыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, збліжэнне з Малдовай, Украінай і Расіяй. Пры гэтым стасункі з Беларуссю кіраўнік МЗС Польшчы сярод прыярытэтаў ЕС не згадаў.