МЗС: пошлінамі на нафтапрадукты РФ парушае міжнародныя абавязанні

07.06.2010 15:28
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў назвала краіны, якія ўжываюць абмежавальныя меры ў гандлі з Беларуссю. Паводле дадзеных замежнапалітычнага ведамства, больш за ўсё абмежавальных мераў у дачыненні да Беларусі ужывае Расія (12 з 28). Акрамя таго, пошлінамі на нафтапрадукты, расійскі бок парушае міжнародныя абавязанні, адзначылі ў міністэрстве.

У ведамстве канстатавалі, што абмежавальныя меры, якія прымяняюцца Расіяй, наносяць «найбольшы эканамічны ўрон, што абумоўлена аб’ёмам гандлю і блізкасцю эканамічных сувязяў паміж нашымі краінамі».

«Дзейная экспартная пошліна на нафту з’яўляецца асабліва важкім выняткам з рэжыму свабоднага гандлю, а спагнанне з першага студзеня гэтага года вывазной мытнай пошліны на асобныя катэгорыі нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Рэспубліку Беларусь з Расіі, парушае палажэнні міжнародных абавязанняў Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі.

«Унутраная расійская цана на газ істотна ніжэйшая за кошты на газ у Беларусі нават з улікам транспартных выдаткаў. Гэта стварае істотныя коштавыя перавагі для расійскіх кампаній і вырабляных імі тавараў, як на ўнутраным, так і на беларускім рынку і па сутнасці з’яўляецца франтальнай субсідыяй ўсёй расійскай эканоміцы», — адзначаецца ў паведамленні міністэрства.

У ведамстве лічаць, што абмежаваннем таксама з’яўляецца і прадастаўленне ААТ «Газпром» выключнага права на экспарт газу, што з’яўляецца мерай нетарыфнага рэгулявання знешняга гандлю.

МЗС: у Расіі створаныя няроўныя канкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў

Акрамя таго, у МЗС Беларусі падкрэслілі, што «ў Расіі існуюць няроўныя ўмовы па рэгістрацыі лімітавых гуртовых коштаў на лекавыя сродкі беларускай і расійскай вытворчасці». «Гэта зніжае коштавую канкурэнтаздольнасць экспарту беларускіх лекаў на расійскі рынак, так як новыя ўмовы ставяць прэферэнцыі для расійскіх суб’ектаў гаспадарання», — гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

«Так, у Расіі створаны няроўныя канкурэнтныя ўмовы для беларускіх вытворцаў, якія ўдзельнічаюць у тэндарах сістэмы дзяржаўных закупак. Існуе абмежаванне доступу беларускіх тавараў да сістэмы расейскіх дзяржаўных закупак у выглядзе ўстанаўлення цэнавых прэферэнцый у памеры 15% толькі для пастаўшчыкоў расійскіх тавараў. Указаныя прэферэнцыі распаўсюджваюцца толькі на абмежаваны пералік беларускіх тавараў», — падкрэсліваецца ў паведамленні МЗС Беларусі.

МЗС: ёсць тэхнічныя бар’еры па доступе беларускай прадукцыі на расійскі рынак

У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што таксама ўведзены абмежаванні на доступ беларускай аўтамабільнай і камунальнай тэхнікі, што вырабляецца на тэрыторыі Расіі, да закупкі федэральнымі органамі выканаўчай улады і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі з выкарыстаннем субсідый.

«Існуе забарона на распаўсюд ільготных умоваў крэдытавання ў расійскіх банках з субсідаваннем працэнтных ставак і набыцця сельгастэхнікі ў лізінг. Дадзеная мера адносіцца да забароненых у трактоўцы СГА імпартазамяшчальных субсідый, — гаворыцца ў паведамленні. — Ужываюцца абмежаванні доступу беларускай аўта-і сельгастэхнікі для рэалізацыі сельскагаспадарчым таваравытворцам і сельскагаспадарчым спажывецкім кааператывам на ўмовах лізінгу».

У міністэрстве замежных спраў, таксама падкрэслілі, што «працэдура ажыццяўлення дзяржаўнага ветэрынарнага і лабараторнага кантролю Расіі з утрыманнем антыбіётыкаў у беларускай прадукцыі жывёльнага паходжання, а таксама адсутнасці генна-мадыфікаваных мікраарганізмаў і меламіна арганізавана такім чынам, што стварае тэхнічныя бар’еры па доступе беларускай прадукцыі на рынак Расіі».

Как вам новость?
Головоломки