МЗС Расіі: ЕС празмерна цісне на Беларусь

21.06.2011 12:50
Архив

Еўрасаюзу не варта было ўводзіць новыя абмежаванні супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта 21 чэрвеня заявіў упаўнаважаны расійскага міністэрства замежных спраў па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права Канстанцін Даўгоў. "Такая палітыка непрадуктыўная. Якім бы складаным ні быў дыялог з той ці іншай дзяржавай у прававой сферы, гэты дыялог неабходны", - сказаў ён.

«Трэба даносіць адпаведную пазіцыю. Празмерны націск, у тым ліку па лініі міжнародных арганізацый, непрадуктыўны», — цытуе прадстаўніка МЗС Расіі РИА «Новости»

Як ужо паведамляў Тэлеграф, рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза 20 чэрвеня прыняла рашэнне пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якіх у ЕС лічаць датычнымі да «палітычных рэпрэсіяў пасля выбараў 19 снежня». Так, «чорны спіс» ЕС папоўніўся чатырма новымі прозвішчамі, эканамічныя санкцыі ўведзеныя супраць кампаній «Белтэхэкспарт», «Спорт-пары» і «БТ Тэлекамунікацыі».

У адказ на гэта беларускі МЗС заявіў, што ЕС не здольны адэкватна ацэньваць сітуацыю, паколькі «еўрапейская палітыка знаходзіцца ў палоне ілюзій і ілжывых уяўленняў аб рэальным становішчы спраў» у Беларусі.