МЗС РФ: абвінавачанне ў дачыненні да расійцаў рассыпалася на вачах

02.03.2011 09:49
Архив Редакция

МЗС Расіі занепакоены працягам судовага працэсу над расійцамі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам, абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. «Пасля таго, як на папярэднім пасяджэнні абвінавачанне на адрас А. Брэуса і І. Гапонава рассыпалася літаральна на вачах, усе разлічвалі, што будзе прынята рашэнне аб спыненні іх судовага пераследу», — адзначылі ў МЗС.

«Аднак атрымалася інакш, паколькі само абвінавачанне засталося ранейшым, але да справы была прыцягнута вялікая група новых сведак з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Такі паварот падзей не можа не насцярожваць», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні расійскага знешнепалітычнага ведамства.

У МЗС Расіі таксама паведамілі, што працягваюць чакаць «аб’ектыўнага і справядлівага вердыкту, які адпавядаў бы нормам міжнароднага права, у тым ліку ў галіне асноватворных правоў чалавека».

Як раней перадаваў Тэлеграф, на чарговым паседжанні суда, якое адбылося 1 сакавіка, з расійцаў Арцёма Брэуса і Івана Гапонава не знялі прад’яўленыя раней абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Ім па-ранейшаму ставіцца ў віну «ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў» і пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Каб даць падсудным час азнаёміцца з новым абвінавачаннем, суд абвясціў перапынак у слуханнях да 10 сакавіка. Акрамя таго, па хадайніцтве пракурора да справы далучаныя новыя дакументы, у тым ліку вынікі медэкспертызы аб прызнанні шэрагу супрацоўнікаў міліцыі пацярпелымі.

Как вам новость?
Головоломки