МЗС РФ: Беларусь не прад'явіла прэтэнзіяў да затрыманых расійцаў

27.01.2011 17:38
Архив Редакция

Расійскія ўлады спадзяюцца, што арыштаваныя ў Мінску грамадзяне РФ, выйдуць у хуткім часе на свабоду. "Якіх-небудзь доказаў у здзяйсненні расійскімі грамадзянамі супрацьпраўных дзеянняў мы так дагэтуль і не атрымалі. Уласна, па нашай інфармацыі, такія прэтэнзіі і не прад'яўленыя", - заявіў 27 студзеня прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч.

Менавіта таму дыпламат разлічвае, што затрыманых пасля выбараў у Беларусі расійцаў «атрымаецца хутка вызваліць», перадае РИА «Новости». Як адзначыў Аляксандр Лукашэвіч, міністэрства замежных спраў Расіі працягвае ўздзейнічаць на развіццё сітуацыі.

«Наша пасольства ў Мінску звярталася з афіцыйным запытам ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай інфармаваць аб падставах і матывах прымянення тых прымусовых мераў, якія былі ўжытыя да нашых грамадзян», — растлумачыў ён.

Па словах дыпламата, у Маскве «звярнулі ўвагу» на заяву кіраўніка беларускай Генпракуратуры Рыгора Васілевіча аб тым, што ведамства праверыць законнасць расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадкаў да таго, як яна паступіць у суд.

«З затрыманымі расійцамі мы падтрымліваем праз нашу амбасаду рэгулярны консульскі кантакт, аказваем неабходнае садзейнічанне нашым грамадзянам. На гэтым тыдні адвакатамі затрыманых плануецца накіраваць хадайніцтва аб змене меры стрымання», — праінфармаваў Аляксандр Лукашэвіч.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, грамадзяне Расійскай Федэрацыі Арцём Брэўс і Іван Гапон былі затрыманыя падчас масавых дэманстрацыяў 19 снежня ў Мінску. Пасля адбыцця 10-дзённага арышту за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання» іх вызвалілі 29 снежня, аднак у той жа дзень затрымалі паўторна.

Арцёму Брэўсу і Івану Гапонову 5 студзеня прад’явілі абвінавачванне ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, якія прайшлі ў Мінску пасля выбараў прэзідэнта па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў. Усяго па гэтай справе ў якасці абвінавачваных праходзяць ужо 37 чалавек, у якасці падазраваных — 17 чалавек.

Два тыдні таму расійскае пасольства ў Беларусі паслала ў беларускую Генпракуратуру запыт з патрабаваннем паказаць матывы арышту Арцёма Брэўса і Івана Гапонова, паколькі «расійскім грамадзянам прад’явілі абвінавачванні і ўтрымліваюць іх пад арыштам, нягледзячы на тое, што ніякіх відавочных доказаў іх віны няма».

Тым не менш, беларускія ўлады пачалі працэдуру анулявання віду на жыхарства ў Беларусі ў дачыненні да аднаго з двух расійцаў.

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч 24 студзеня заявіў, што перш, чым накіраваць у суд матэрыялы крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, пракуратура праверыць захаванне законнасці на стадыі расследавання.