МЗС шкадуе аб адмове Брытаніі выдаць візы беларускім дзецям

15.07.2010 13:00
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Беларусі шкадуе аб адмове Вялікабрытаніі выдаць візы групе беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, якія накіроўваліся на адпачынак у Туманны Альбіён. Пра гэта 15 ліпеня заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

«Я магу толькі выказаць шкадаванне з гэтай нагоды. Тым больш што за выдачу візаў гэтым дзецям хадайнічалі рэспектабельныя брытанскія гуманітарныя арганізацыі», — цытуе дыпламата БелТА.

«Такія дзеянні — суверэннае права брытанскага боку, таму ніякіх афіцыйных прэтэнзій у гэтым выпадку прад’явіць нельга», — дадаў Андрэй Савіных. Кажучы аб тым, як ўспрымаецца дадзеная адмова на фоне перамоваў Беларусі з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў, прэс-сакратар заявіў: «Мы не ўвязваем гэты працэс у дадзеным выпадку».

«Мы на перамоўны працэс аб візавай лібералізацыі ўскладаем вялікія надзеі, мы жадаем прасоўвання гэтага працэсу і гатовыя максімальна канструктыўна ўзаемадзейнічаць з нашымі еўрапейскімі калегамі», — падсумаваў прадстаўнік міністэрства.