МЗС шкадуе з нагоды маштабаў і вастрыні газавае спрэчкі з Расіяй

24.06.2010 13:30
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Беларусі выказвае шкадаванне, што газавы канфлікт з Расіяй "набыў такі маштаб і вастрыню". Пра гэта заявіў на брыфінгу 24 чэрвеня начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

На думку афіцыйнага прадстаўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, абодвум бакам ў газавай спрэчцы неабходна «праявіць здаровы сэнс і здольнасць канструктыўна дамаўляцца па ўсіх пытаннях, па якіх ёсць рознагалоссі».

«Мы разлічваем, што ў найбліжэйшы час гаспадарчыя суб’екты, якія ўцягнутыя ў гэты працэс, здолеюць выйсці з рашэннямі, якія будуць адэкватныя і будуць адпавядаць высокаму ўзроўню палітычных і сяброўскіх кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі», — сказаў Андрэй Савіных.

Як раней паведаміў Тэлеграф, Беларусь у асобе першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі адвяла «Газпрому» тэрмін да 13:00 24 чэрвеня на пагашэнне рэшты запазычанасці за транзіт газу па беларускай тэрыторыі. Калі Масква не даплоціць яшчэ 32 млн. даляраў у дадатак да ўжо пералічаных 228 млн. даляраў, Мінск абяцае скараціць прапампоўку «блакітнага паліва» ў Еўропу ў аб’ёме, прапарцыйным невыплачанай суме.

У сваю чаргу, у «Газпроме» настойваюць, што Беларусь не мае права патрабаваць аплаты транзіту па тарыфе 1,74 даляра за прапампоўку тысячы кубаметраў на 100 кіламетраў, спасылаючыся пры гэтым на ўмовы кантракту, паводле якога для павышэння стаўкі транзіту «Белтрансгаз» павінен быў увесці аптовую надбаўку на газ, які рэалізуецца ўнутры краіны.

Как вам новость?