МЗС: у Беларусі назіраецца прагрэс развіцця грамадзянскай супольнасці

22.09.2010 10:15
Архив Редакция

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі заявіў, што на дзяржаўным узроўні ў Беларусі адбываецца паступовая эвалюцыя агульнага ўспрыняцця няўрадавых арганізацыяў як паўнапраўных партнёраў у вырашэнні пастаўленых перад дзяржавай задачаў. Намеснік кіраўніка МЗС таксама назваў відавочным прагрэс развіцця грамадзянскай супольнасці ў краіне.

«У Беларусі нараджаецца новая культура адносін у грамадстве, заснаваная на разуменні таго, што шмат што можна змяніць сіламі саміх грамадзян без прыцягнення дзяржавы», — сказаў Валерый Варанецкі, адкрываючы 21 верасня ў Мінску пяты дыспут памяці Ёханэса Раў.

Кажучы аб прагрэсе развіцця грамадзянскай супольнасці, прадстаўнік МЗС прывёў паспяховыя прыклады ўдзелу беларускага няўрадавага сектару ў такіх сферах, як дапамогу інвалідам, пажылым людзям, праца з моладдзю, культура, гісторыя і адукацыя, перадае БелаПАН.

«Са студзеня 2009 года працуе Грамадска-кансультатыўны савет (АКС) пры Адміністрацыі прэзідэнта, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, партый і чыноўнікаў», — нагадаў Варанецкі. Пры гэтым намеснік міністра адзначыў, што АКС з’яўляецца «ўнікальнай пляцоўкай» для дыялогу і абмену меркаваннямі па найбольш актуальных праблемах беларускага грамадства.

«Грамадская карысць, актыўнасць грамадзян любой краіны — важны паказчык сталасці грамадства. Яе канкрэтныя формы фармуюцца на нацыянальнай глебе зыходзячы з асноў, рэальных патрэбаў і магчымасцяў грамадства і дзяржавы. У гэтым сэнсе нам трэба прайсці пэўны шлях, і мы разлічваем на паслядоўную падтрымку нашых намаганняў з боку германскіх партнёраў», — адзначыў Валеры Варанецкі.

Намеснік кіраўніка бундэстагу Тырзэ: Беларусь бачыць сябе часткай Еўропы

Намеснік старшыні бундэстагу Вольфганг Тырзэ, размаўляючы з публікай у межах пятага дыспуту памяці Ёханеса Раў у Мінску 21 верасня, заявіў, што «Беларусь бачыць сябе часткай Еўропы і таму хоча палепшыць адносіны з Еўрасаюзам, а мы не толькі эканамічная супольнасць, але і каштоўнасная, з намі перамовы весці не так проста, як з бізнэсоўцамі».

Вольфганг Тырзэ таксама ўказаў на недапушчальнасць для грамадзян ЕС прымянення смяротнага пакарання, паколькі «дзяржава не павінна распараджацца чалавечымі жыццямі». «Для нас таксама важна, ці ідуць палітычныя дыскусіі, ці паважаюцца правы і свабоды ў Беларусі», — сказаў намеснік старшыні бундэстагу.

Пры гэтым Вольфганг Тырзэ адзначыў, што «досвед немагчыма проста перанесці з адной краіны ў іншую». Гаворачы аб шляхах, якія спрыяюць рэформам, нямецкі палітык адзначыў важнасць адначасовага развіцця супрацоўніцтва ў галіне эканомікі і правоў і свабод чалавека, пашырэнне ўзаемадзеяння на максімальную колькасць сфераў. Разважаючы пра тое, як ЕС і Германія могуць спрыяць зменам у Беларусі, Вольфганг Тырзэ падтрымаў два нямецкія лозунгі: «перамены праз збліжэнне» і «перамены праз уцягванне».

«Грамадзянская актыўнасць і палітычнае жыццё па-ранейшаму аснова сучаснага грамадства і дэмакратыі», — адзначыў намеснік кіраўніка бундэстагу. «Незалежнае мысленне, адказная дзейнасць, арыентаваная на карысць грамадству, — гэта адпраўныя пункты дзейнасці грамадзянскай супольнасці», — лічыць Вольфганг Тырзэ.

Как вам новость?
Головоломки