МЗС: у Беларусі з'явіліся складанасці ў перамовах з ЕС па ўступленні ў СГА

16.03.2011 10:30
Архив Редакция

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур'янаў 15 сакавіка паведаміў, што Беларусь у перамовах з Еўрапейскім саюзам па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) сутыкнулася з некаторымі складанасцямі. Паводле яго слоў, нягледзячы на працу, беларускі бок "не атрымлівае таго руху, якога хацелася б".

Намеснік міністра паведаміў, што асноўнымі праблемнымі пытаннямі па-ранейшаму застаюцца двухбаковыя дамоўленасці з Еўрасаюзам і ЗША. Па словах прадстаўніка беларускага МЗС, Беларусь ужо завяршыла перамовы з 10 краінамі, яшчэ 23 дзяржавы выказалі жаданне правесці аналагічныя перамовы, перадае РБК.

У той жа час Еўрасаюз запытаў дадатковую інфармацыю аб апошніх змяненнях у беларускім заканадаўстве. Аляксандр Гур’янаў адзначыў, што, нягледзячы на актыўны перамоўны працэс з Еўракамісіяй па дадзеным пытанні, асобныя краіны — члены ЕС не дастаткова інфармаваны аб ім і лічаць, што Беларусь не ідзе на дыялог па СГА, бо звязаная абавязкамі з Мытным саюзам, што не адпавядае рэчаіснасці.

«Мы хацелі б, каб усе ведалі, што, знаходзячыся ў Мытным саюзе, мы не губляем зацікаўленасці ва ўступленні ў СГА», — падкрэсліў намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

Пуцін: уступленне адной з краін МС ў СГА не паўплывае на іншых членаў МС

У той жа час прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін 15 сакавіка пасля пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы і Міждзяржсавета ЕўрАзЭС заявіў, што ўступленне ў СГА адной з краін Мытнага саюза раней за іншых на астатніх членаў Мытнага саюза ніяк не паўплывае, перадае БелТА.

Уладзімір Пуцін патлумачыў, што краіны Мытнага саюза першапачаткова дамовіліся выбудоўваць Адзіную эканамічную прастору на прынцыпах СГА, таму для кожнай краіны Мытнага саюза гэта «ў вядомай ступені перавага». «Ніхто не скажа, да прыкладу, Беларусі, што яна ажыццяўляе эканамічную дзейнасць, партнёрскую, на незразумелых шэрых схемах», — адзначыў расійскі прэм’ер. Паводле яго слоў, членства ў СГА выступае гарантыяй таго, што краіна не парушае інтарэсаў партнёраў па Мытным саюзе. Уладзімір Пуцін асабліва падкрэсліў, што фармаванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ідзе ў строгай адпаведнасці з прынцыпамі і нормамі СГА.

Как вам новость?