МЗС задаволены ўвядзеннем бясплатных польскіх візаў для беларусаў

04.01.2011 16:00
Архив Редакция

Прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў 4 снежня, што беларускі бок вітае ініцыятыву Польшчы ўвесці бясплатныя нацыянальныя візы для грамадзян Беларусі. "Беларускі бок заўсёды выступаў за спрашчэнне або поўную адмену візавых фармальнасцяў. На нашу думку, рашэнне польскага боку — гэта крок у патрэбным напрамку", — заявіў Андрэй Савіных.

Як паведамілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, МЗС разлічвае на тое, што прыклад Польшчы «будзе спрыяць пачатку перамоў Беларусі з Еўрапейскай камісіяй аб спрашчэнні працэдур выдачы шэнгенскіх візаў».

Прадстаўнік МЗС Беларусі нагадаў, што магчымасцю атрымаць бясплатную візу ў Польшчу змогуць скарыстацца далёка не ўсе беларусы. Рашэнне польскага боку тычыцца толькі нацыянальных візаў, якія выдаюцца на тэрмін больш за 90 дзён на працягу шэсць месяцаў. «Такая віза выдаецца абмежаваным катэгорыям грамадзян, якія змогуць дадаткова пацвердзіць мэтазгоднасць свайго знаходжання ў Польшчы доўгі час», — растлумачыў Андрэй Савіных.

Разам з тым, у МЗС Беларусі выказалі ўпэўненасць у тым, што адкрытыя прамыя кантакты паміж грамадзянамі Беларусі і Польшчы будуць спрыяць лепшаму ўзаемаразуменню паміж краінамі і працаваць на развіццё двухбаковага супрацоўніцтва.

«Гэтыя працэсы дапамогуць нашым партнёрам лепш зразумець палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія праходзяць у Беларусі, і выпрацаваць больш адэкватныя і рацыянальныя падыходы да двухбаковага ўзаемадзеяння», — падкрэсліў Андрэй Савіных.

Как вам новость?
Головоломки