МЗС: Захад ўцягвае АБСЕ ў палітыку сілавога ціску на Беларусь

07.04.2011 12:31
Архив Редакция

Беларусь абвінавачвае "асобныя краіны Захаду" ў спробах уцягнуць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе у "палітыку сілавога ціску на Беларусь" з выкарыстаннем "любых сродкаў", якая імі праводзіцца. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Мінску 7 красавіка начальнік упраўлення інфармацыі міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

«Група дзяржаў, маніпулюючы наяўнымі ў дакументах АБСЕ працэдурнымі прабеламі, выступіла з ініцыятывай аб накіраванні ў нашу краіну «місіі дакладчыка», не маючы для гэтага якіх-колечы падстаў», — распавёў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі, «адвольная, у духу «падвойных стандартаў», інтэрпрэтацыя дакументаў АБСЕ, дыскрымінацыйныя ініцыятывы і блокавае мысленне супярэчаць каштоўнасцям арганізацыі і руйнуюць яе ролю як ключавога форуму па пытаннях агульнаеўрапейскай бяспекі і супрацоўніцтва».

Пры гэтым Андрэй Савіных падкрэсліў, што Беларусь «сумленна і ў поўным аб’ёме» выконвае свае абавязацельствы ў рамках АБСЕ. «Мы планамерна развіваем наша ўзаемадзеянне з арганізацыяй па ўсіх напрамках, ўдзельнічаем ва ўсіх перагаворных працэсах і кансультацыях», — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС РБ.
 
«Сёння мы атрымалі відавочнае пацверджанне, што дзейнае старшынства АБСЕ і краіны Захаду не зацікаўленыя ў аб’ектыўным і раўнапраўным дыялогу», — сказаў на заканчэнне Андрэй Савіных.

Як раней перадаваў Тэлеграф, старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, выступаючы 5 красавіка на канферэнцыі ў Віленскім універсітэце, заявіў, што Беларусь становіцца ўсё больш закрытай краінай, «схіляецца да ўсё большай і большай ізаляцыі».

У той жа час прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасць ціскам, які ўлады Беларусі аказваюць на беларускіх і замежных журналістаў.

Как вам новость?