На акцыі маўклівага пратэсту ў Мінску затрымалі журналістаў — відэа

30.06.2011 09:20
Архив

Увечары 29 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы Мінску, дзе актывісты інтэрнэт-супольнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" запланавалі правесці акцыю маўклівай салідарнасці, якая стала ўжо традыцыйнай, затрымалі некалькіх журналістаў незалежных беларускіх выданняў. Акрамя таго, ад членаў Беларускага Хельсінскага камітэту паступаюць паведамленні аб затрыманні ўдзельнікаў акцыі ў раёне Белдзяржцырку.

Так, быў затрыманы фотакарэспандэнт радыё «Свабода» Уладзімір Грыдзін. Паведамляецца, што пры затрыманні яго збілі, потым даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінску.

Ля ўваходу ў метро «Кастрычніцкая» затрымалі карэспандэнта «Нашай Нiвы» Алеся Пілецкага, якога затрымлівалі і на папярэдняй акцыі 22 чэрвеня. Журналіст перадаваў у рэдакцыю паведамленні аб тым, што адбываецца на плошчы па тэлефоне. Супрацоўнікі міліцыі падышлі да яго і папрасілі сысці. Атрымаўшы адмову, журналіста затрымалі, адабраўшы пасведчанне, і даставілі ў РУУС. Пасля тэлефоннай размовы з кіраўніцтвам РУУС праваахоўнікі адпусцілі абодвух журналістаў, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Паведамляецца аб затрыманні карэспандэнта Латвійскага радыё. Таксама сярод затрыманых апынуўся фотакарэспандэнт выдання «БелГазета» Вадзім Заміроўскі.

Журналіста БелаПAH збілі міліцыянты

Каля Палаца прафсаюзаў затрыманы журналіст БелаПАН Вадзім Шмыгаў. Ён прад’явіў супрацоўнікам міліцыі сваё пасведчанне, аднак тыя на гэта ніяк не адрэагавалі. У сваю чаргу фотакарэспандэнту гэтага незалежнага СМІ Васілю Сямашку супрацоўнікі міліцыі да крыві разбілі лоб.

Сярод затрыманых апынуўся экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Правальскі

Ад відавочцаў паступаюць паведамленні пра затрыманні ў раёне вуліц Інтэрнацыянальнай, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, а таксама на праспекце Пераможцаў, куды сышла з цэнтра частка ўдзельнікаў акцыі. Масавыя затрыманні, як і ў мінулы раз 22 чэрвеня, праводзіліся ў раёне вуліцы Няміга, а таксама на плошчы Незалежнасці ў раёне Белдзяржцырка. Акрамя таго, паведамляецца аб затрыманні былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Правальскага, паведамляе «Еўрапейскае радыё ў Беларусі».

Па словах арганізатараў «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі», затрыманых удзельнікаў акцыі дастаўляюць у РУУС Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Мінску.

На акцыю маўклівага пратэсту 29 чэрвеня ў Мінску сабралася менш людзей, чым на папярэднія акцыі. Кастрычніцкая плошча, дзе планавалася правесці акцыю, як і ў папярэднія серады, апынулася ачэпленая міліцыяй. На гэты раз гарадскія ўлады арганізавалі тут канцэрт і маладзёжную дыскатэку. Нягледзячы на непагадзь, плошча аказалася запоўненая маладымі людзьмі, пераважна, з ліку актывістаў БРСМ.

У цэнтр абнесенным турнікетамі плошчы можна было свабодна трапіць пасля праверкі металадэтэктарамі і візуальнай праверкі торбаў і пакетаў супрацоўнікамі спецназа.

Каля Палаца прафсаюзаў, які знаходзіцца на плошчы, акрамя супрацоўнікаў міліцыі і спецназа таксама дзяжураць дружыннікі БРСМ з надпісамі на плашчах «Маладзёжны атрад аховы парадку», перадаюць «Беларускія навіны«.

Між тым, размешчаныя побач з Кастрычніцкай плошчай Аляксандраўскі сквер, а таксама плошча Свабоды, апынуліся таксама ачэпленыя. Аднак, на адрозненне ад папярэдніх акцый, выхады з метро «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» 29 чэрвеня не зачынялі, станцыі працавалі ў звычайным рэжыме.