На ахову лясоў Беларусь траціць у 13,5 разоў больш за Расію

10.08.2010 14:38
Архив Редакция

У Беларусі на вядзенне лясной гаспадаркі, у тым ліку і на барацьбу з пажарамі, вылучаецца дзяржаўных сродкаў у 13,5 разоў больш, чым у Расіі. Так, на адзін гектар лесу з беларускага бюджэту вылучаецца 7,45 даляра, у той час як у Расіі — усяго 0,55 даляра.

У 2010 годзе ўсе расійскія рэгіёны, разам узятыя, вылучылі на лясную ахову толькі 2,2 млрд. расійскіх рублёў, паведамляюць «Ведомости». Справа ў тым, што ў 2007 годзе ў Расіі быў уведзены новы Лясны кодэкс, паводле якога была скасавана дзяржаўная лясная ахова. У выніку лясы перайшлі ў валоданне прыватных асоб, якія і павінны адказваць за іх бяспеку.

Каб у будучыні пазбегнуць паўтору катастрафічнай сітуацыі з ляснымі пажарамі, у Расіі неабходна аднаўляць сістэму дзяржаўнай лясной аховы, лічыць Аляксей Ярашэнка, які ўзначальвае лясную праграму Greenpeace. Па яго словах, для эфектыўнай дзейнасці штат лясной аховы на ўсёй тэрыторыі Расіі павінен уключаць не меней за 20 тыс. чалавек.

«Самае галоўнае — лясная ахова не павінна ператварыцца ў чарговае чынавенскае ведамства з квітнеючым кіраўніцтвам і жабракамі інспектарамі», — сказаў Аляксей Ярашэнка. Для гэтага, лічыць адмысловец, неабходна фінансаваць лясную ахову не з рэгіянальных бюджэтаў і не па рэшткавым прынцыпе.

Акрамя таго, адзначае кіраўнік лясной праграмы Greenpeace, неабходна ўзнавіць адзіную сістэму авіяцыйнай аховы лясоў і тушэння буйных лясных пажараў (якая таксама была скасавана ў 2007 годзе). Яна дазволіць аператыўна перакідаць кваліфікаваныя сілы і тэхніку з адных рэгіёнаў у іншыя — менавіта туды, дзе гарыць.
 
Па папярэдніх падліках эколагаў, на ўтрыманне паўнавартаснай лясной аховы ў Расіі запатрабуецца каля 23 млрд. расійскіх рублёў у год. Гэта сума, па запэўненнях адмыслоўцаў, значна менш за тое, колькі Расія выдаткуе на тушэнне пажараў і ліквідацыю іх наступстваў. У 2010 годзе толькі на тушэнне агню, не лічачы кампенсаванні пацярпелым, з бюджэту прыйдзецца вылучыць 30-40 млрд. расійскіх рублёў.

Как вам новость?
Головоломки