На баі падушкамі ў Мінску затрымалі 50 чалавек

09.09.2010 13:15
Архив Редакция

У Мінску 8 верасня адбылася чарговая пацыфісцкая акцыя "Бой падушкамі", прымеркаваная на гэты раз да гадавіны бітвы пад Оршай. Акцыя не была санкцыянаваная Мінгарвыканкамам, таму праваахоўныя органы стараліся перашкодзіць яе правядзенню. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 50 удзельнікаў несанкцыянаванага "бою".

Па словах аднаго з непасрэдных арганізатараў акцыі, грамадскага актывіста Андрэя Кіма, каля 35 чалавек, затрыманых на пляцоўцы ля Белдзяржфілармоніі, супрацоўнікі міліцыі даставілі ў Савецкае і Ленінскае УУС Мінску.

Акрамя таго, актывіст паведаміў, што міліцыянты затрымалі некалькіх чалавек у раёне парку імя Янкі Купалы і ў парку Дружбы народаў. «Затрыманыя там былі дастаўленыя ва УУС Цэнтральнага раёна Мінску. Мабыць, гэтыя людзі проста не ведалі, дзе і як пройдзе акцыя», — растлумачыў Андрэй Кім.

Па словах актывіста, ва ўсіх затрыманых узялі тлумачэнні, пасля чаго іх адпусцілі без складання пратаколаў, перадае БелаПАН.

Усяго на несанкцыянаваную акцыю прыйшло каля 100 чалавек. У 19:00 маладыя людзі сабраліся на пляцоўцы за Белдзяржфілармоніяй на бульвары Мулявіна. Аднак пасля таго як на пляцоўцы з’явіліся супрацоўнікі міліцыі Андрэй Кім заявіў, што ў гэтым месцы акцыя праводзіцца не будзе, і заклікаў усіх разысціся.

Тым не менш, як паведаміў Андрэй Кім, міліцыянты сталі затрымліваць прысутных. Па словах супрацоўнікаў міліцыі, якія адмовіліся прадстаўляцца, удзельнікаў баёў падушкамі затрымалі ў сувязі са скаргай грамадзяніна, якога нібыта збілі падушкамі.

Пасля разгону ўдзельнікаў акцыі з пляцоўкі за філармоніяй і затрыманні некаторых з іх, астатнія людзі, якія жадалі паўдзельнічаць у бойцы падушкамі, прайшлі да парку Горкага. «Там у бітве падушкамі прыняло ўдзел 70-80 чалавек. Пасля гэтага прысутныя прайшлі да вуліцы Нямігі, дзе недалёка ад станцыі метро, на набярэжнай ракі Свіслач, зноў адбыўся бой падушкамі, у якім прыняло ўдзел 30-40 чалавек», — распавёў Андрэй Кім.

Как вам новость?
Головоломки