На "чорным" участку дарогі пад Беластокам загінуў яшчэ адзін беларус

23.09.2010 09:19
Архив Редакция

У ноч з 21 на 22 верасня каля 00:30 у Польшчы на нацыянальнай дарозе № 8 пад Беластокам загінуў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі. ДТЗ адбылося на тым жа ўчастку дарогі, дзе тыдзень таму патрапілі ў аварыю два беларускія мікрааўтобусы, у выніку чаго загінула пяць чалавек.

Аўтамабіль Volkswagen Passat V3 з гарадзенскімі нумарамі выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся «лоб у лоб» з грузавой машынай дастаўкі маркі Hyundai, паведамляецца на сайце Падляшскай паліцыі. 32-гадовы кіроўца легкавіка загінуў на месцы, а 38-гадовы польскі кіроўца з цяжкімі траўмамі трапіў у лякарню.

Пасля аварыі трасу давялося перакрыць на пяць гадзін.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у ноч на 16 верасня ў Польшчы на нацыянальнай дарозе № 8 сутыкнуліся два беларускія мікрааўтобусы і польская фура. У выніку дарожна-транспартнага здарэння пяцёра чалавек загінулі, яшчэ пяцёра былі параненыя, у тым ліку трое з іх сур’ёзна.

Как вам новость?