На дне возера Нарач у Мінскай вобласці вадалазы-аматары, што ачышчалі вадаём ад смецця, выявілі патанулы карабель, як мяркуецца, часоў Першай сусветнай вайны. Нягледзячы на тое, што да гэтага часу звестак аб бітвах расійскага флота на Нарачы не было, выяўленае судна, як мяркуецца, з'яўляецца баявым караблём.
Кіраўнік дайвінг-клуба «Марскі пегас» Андрэй Ліхачоў паведаміў, што патанулае судна ўдалося зняць на фотакамеру. Сам карабель даўжынёй у дзесяць метраў і шырынёй у два метры знаходзіцца ў 800 метрах ад берага і ляжыць кілем дагары. Па словах дайвера, судна падыходзіць пад апісанне баявога катара, перадае Белтэлерадыёкампанія.
Між тым, звесткі аб тым, што на Нарачы калісьці дзейнічаў флот Расійскай імперыі, нядаўна знайшоў у архівах Мядзельскі краязнаўца Генадзь Малышаў. Ён выказаў здагадку, што патанулы карабель мог належаць атраду катараў № 3 марской брыгады спецыяльнага прызначэння.
«Пакуль застаецца загадкай гісторыя гібелі судна. У 1916 годзе ў гэтых месцах адбылася знакамітая Нарачанская бітва. Лінія фронту праходзіла прама па берагах возера. Не выключаецца, што карабель пайшоў на дно падчас тых падзей. Калі так, то ён ляжыць там 95 гадоў», — распавёў Генадзь Малышаў.
У найбліжэйшы час дайверы паспрабуюць высветліць назву патанулага судна, што дапаможа даведацца пра яго гісторыю. Акрамя таго, вадалазы паспрабуюць забрацца ўнутр карабля, а пасля зрабіць у ім падводны музей, паведаміў Андрэй Ліхачоў.