На Міншчыне пабудуюць ветрапарк за 250 млн. еўра

28.04.2010 15:27
Архив Редакция

Нямецкая кампанія Enertrag інвестуе ў будаўніцтва ветрапарку ў Мінскай вобласці 250 млн. еўра. Пра гэта паведаміў 28 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску член рады дырэктараў кампаніі Вернэр Дывальд. "На першым этапе Enertrag інвестуе ў праект 140 млн. еўра", — расказаў прадстаўнік нямецкай кампаніі.

Плануецца, што на будаўніцтва ветрапарку будуць прыцягнуты еўрапейскія крэдытныя рэсурсы. У прыватнасці, вядуцца перамовы аб прыцягненні сродкаў у праект Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, перадае БелТА.

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (ФРГ) Матыяс Платцэк адзначыў, што магутнасць ветрапарку на першым этапе складзе 80 МВт, а на другім — 160 МВт. «У цэлым будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў два этапы, праз два гады гэты парк будзе працаваць», — удакладніў Матыяс Платцэк.

Прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург таксама распавёў, што «гэты рэгіён Нямеччыны мае багаты досвед у вобласці ўзнаўляльнай энергетыкі». «За кошт сонца, ветру, выкарыстання біямасы выпрацоўваецца каля 50% спажыванай тут энергіі», — расказаў Матыяс Платцэк, дадаўшы, што зямля Брандэнбург будзе цесна супрацоўнічаць з Мінскай вобласцю ў альтэрнатыўнай энергетыцы. «У нас шмат досведу ў гэтай вобласці, і мы можам ім падзяліцца», — сказаў ён.

Нямецкая кампанія зацікаўлена стварыць ветрапарк на найбольш высокім месцы на тэрыторыі Беларусі — у Дзяржынскім раёне. Enertrag плануе выкарыстоўваць выпрацаваную ветрапаркам энергію на сваё вырашэнне, у тым ліку прадаваць яе ў беларускую энергасістэму. Інвестыцыйная дамова пакуль не падпісаная.

Кампаніі зямлі Брандэнбург зацікаўлены ўдзельнічаць у развіцці сістэмы лагістычных цэнтраў у Беларусі

Па словах прэм’ер-міністра германскай федэральнай зямлі Брандэнбург Матыяса Платцэка, кампаніі зямлі Брандэнбург хацелі б, каб падчас будаўніцтва ў Беларусі сістэмы лагістычных цэнтраў быў бы скарыстаны іхні досвед. Пры гэтым прэм’ер-міністр не выключае магчымасці «капіталаўкладанняў пад такія праекты з боку кампаніяў зямлі Брандэнбург у будучыні».

Матыяс Платцэк адзначыў, што асаблівую цікавасць у вобласці транспарту і лагістыкі ў нямецкага боку выклікае міжнародны калідор Парыж-Берлін-Варшава-Мінск-Масква. У перспектыве колькасць транспарту, які праходзіць па гэтым маршруце, будзе ўсё больш павялічвацца.

«У нас пабудавана шмат лагістычных цэнтраў, нашы спецыялісты гатовыя падзяліцца сваім досведам і супрацоўнічаць з беларускімі калегамі, бо ў Беларусі належыць стварыць яшчэ шмат сучасных лагістычных цэнтраў як для аўтамабільнага, так і для чыгуначнага транспарту», — дадаў прэм’ер-міністр.

Па словах Матыяса Платцэка, інтарэс да лагістычнай сістэмы Беларусі з нямецкага боку выкліканы таксама тым, што Беларусь разам з Расіяй і Казахстанам стварае Мытны саюз. «Гэты саюз — выдатны шанец, каб паспяхова рэалізаваць бізнэс-праекты па стварэнні і развіцці транспартна-лагістычных цэнтраў», — лічыць прэм’ер-міністр.

Как вам новость?