На інаўгурацыю Лукашэнкі паклікалі каля 100 журналістаў

21.01.2011 12:09
Архив Редакция

На цырымонію інаўгурацыі прэзідэнта Беларусі, якая адбудзецца 21 студзеня ў Мінску, запрасілі каля 100 беларускіх і замежных журналістаў. Як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, магчымасць весці прамую трансляцыю з афіцыйнай цырымоніі ўступлення Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта маюць каля 80 тэлекампаній ў прыкладна 60 краінах свету.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта, на ўрачыстую цырымонію ў Палац Рэспублікі запрошана больш за 2,5 тыс. чалавек. Сярод іх — вышэйшыя кіраўнікі ўсіх трох галін улады Беларусі, давераныя асобы беларускага прэзідэнта на мінулых выбарах, члены Нацыянальнага сходу, лідары палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў рэспублікі, рэлігійных арганізацый, а таксама замежныя паслы і прадстаўнікі міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі, перадае БелТА.

Таксама плануецца, што на інаўгурацыі будуць прысутнічаць кіраўнікі інтэграцыйных аб’яднанняў, членам якіх з’яўляецца Беларусь, такіх як АДКБ, СНД, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, ЕўрАзЭС.

Разам з тым, як ужо перадаваў Тэлеграф, на ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі не будуць прысутнічаць амбасадары краін Еўрасаюза ў Беларусі. Пра гэта 20 студзеня заявіла прэс-сакратарка кіраўніка дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан Маяя Касьянчыч. Паводле яе слоў, такім чынам дыпламаты выкажуць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, разгону масавых дэманстрацыяў пасля выбараў і арыштаў прадстаўнікоў апазіцыі.

На прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года беларусы чацверты раз абралі Аляксандра Лукашэнку кіраўніком дзяржавы. Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, за яго прагаласавала 79,65% выбаршчыкаў.

Как вам новость?
Головоломки