На падрыхтоўку Ліды да "Дажынак-2010" патрацілі 87,4 млн. даляраў

10.09.2010 13:47
Архив Редакция

На падрыхтоўку аб'ектаў фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2010" у Лідзе выдаткавалі 265 млрд. рублёў (87,4 млн. даляраў). Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Юры Масквічоў. Па яго словах, падчас падрыхтоўкі горада да фестывалю пабудавалі і рэканструявалі шэраг аб'ектаў сацыяльна-культурнага, спартовага і гісторыка-культурнага прызначэння.

Так, чыноўнік паведаміў, што ўсяго ў горадзе рэканструявалі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі 29 вуліцаў, праклалі 280 тыс. квадратных метраў асфальтабетоннага пакрыцця, зрабілі замену і мадэрнізацыю водаправодных сетак. У 123 жылых дамах мадэрнізавалі і адрамантавалі фасады.

Акрамя таго, намеснік старшыні аблвыканкама распавёў, што ў парадак прывялі таксама будынкі гатэляў, кінатэатра, ліцэю і іншых аб’ектаў. Толькі на рэканструкцыю ўстаноў аховы здароўя выдаткавалі 16 млрд. рублёў, перадае БелТА.

Адным з самых значных пабудаваных аб’ектаў Юрый Масквічоў назваў Лядовы палац. На яго будаўніцтва выдаткавалі каля 38,5 млрд. рублёў. У палацы ёсць хакейная пляцоўка, чатыры распранальні для хакеістаў, трыбуна на тысячу глядацкіх месцаў, саўны, трэнажорныя і гульнявыя залы.

Акрамя ўсяго іншага, да «Дажынак» плануюць адкрыць новы тып установы — Лідскі раённы Дом рамёстваў і народных традыцыяў.

Усяго ж, па словах Юрыя Масквічова, працы праводзіліся на 220 аб’ектах горада. У іх было задзейнічана пяць тысяч чалавек з 66 будаўнічых арганізацыяў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, фестываль-кірмаш «Дажынкі-2010» пройдзе ў Лідзе не 17-19 верасня, як планавалася, а на тыдзень пазней — 24-26 верасня.

Как вам новость?