На падтрымку інвалідаў і ветэранаў накіруюць 4,2 млн. даляраў

05.08.2010 11:50
Архив Редакция

У Беларусі зацвердзілі комплексную праграму развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. Дадзены дакумент прадугледжвае аказанне матэрыяльнай дапамогі неабароненым слаям насельніцтва на агульную суму больш за 12,7 млрд. рублёў (або 4,2 млн. даляраў). Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў № 1126.

На думку распрацоўшчыкаў дакументу, яго рэалізацыя дазволіць узмацніць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва. Каля 100 тыс. ветэранаў ВАВ, а таксама людзі, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокія пажылыя людзі, адзінокія інваліды I і II групы будуць атрымліваць розныя віды сацыяльнай падтрымкі, паведамілі ва ўрадзе Беларусі.

За час рэалізацыі праграмы матэрыяльная дапамога на агульную суму больш за 12,7 млрд. рублёў будзе аказана інвалідам і ўдзельнікам вайны, непрацоўным бацькам і жонцы (мужу) ваеннаслужачых, загінулых (памерлых) у гады Вялікай Айчыннай вайны і пры выкананні абавязкаў воінскай службы (службовых абавязкаў), якія не ўступілі ў новы шлюб. Таксама дапамога будзе аказана непрацоўным адзінокім пажылым грамадзянам і адзінокім інвалідам I і II групы для правядзення рамонту жылля, надворных пабудоў, замены (рамонту) абсталявання, ацяплення, электраправодкі, устаноўкі (замены) аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншых працаў. Для інвалідаў вайны мяркуецца вырабіць спецыяльныя тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі на суму 145,3 млн. рублёў.

У Беларусі пабудуюць дамы-інтэрнаты павышанай камфортнасці

Згодна з праграмай, у стацыянарных установах (за кошт будаўніцтва новых і пераабсталявання дзейных будынкаў) будзе адкрыта 1,6 тыс. месцаў для інвалідаў. На думку распрацоўшчыкаў, гэта дазволіць ліквідаваць чарговасць на пасяленне, прывесці плошчы спальных памяшканняў у адпаведнасць з усталяванымі санітарнымі нормамі (7 квадратных метраў на чалавека) і стварыць для жыхароў неабходныя матэрыяльна-бытавыя ўмовы. У планах — будаўніцтва і рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў дамоў-інтэрнатаў у Берасцейскай і Віцебскай абласцях, а таксама ў Мінску.

Акрамя таго, запланавана стварыць стацыянарныя ўстановы новага тыпу — дамы-інтэрнаты малой умяшчальнасці і павышанай камфортнасці, якія будуць прадастаўляць разнастайныя віды стацыянарных сацыяльных паслуг з улікам патрэбаў, уключаючы паслугі на ўмовах аплаты.

Па разліках распрацоўшчыкаў праграмы, вяртанне да прафесійнай, грамадскай і бытавой дзейнасці каля 20 тыс. чалавек, цалкам рэабілітаваных, і каля 12 тыс. інвалідаў, часткова рэабілітаваных, дазволіць дасягнуць значнага сацыяльнага і эканамічнага эфекту.

У цэлым, на рэалізацыю праграмы мяркуецца накіраваць 378,2 млрд. рублёў, у тым ліку 43,9 млрд. рублёў з рэспубліканскага бюджэту, 248,6 млрд. рублёў — з мясцовых бюджэтаў, 85,7 млрд. рублёў — з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Как вам новость?