На падтрымку таленавітай моладзі выдзелілі амаль мільярд рублёў

03.06.2010 15:57
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка сваімі распараджэннямі зацвердзіў рашэнне савета спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і аб выдзяленні сродкаў на фінансаванне расходаў гэтага фонду ў 2010 годзе. Паводле распараджэння прэзідэнта № 164рп на фінансаванне расходаў па падтрымцы таленавітай моладзі выдзелілі 950 млн. рублёў.

«Гэтыя сродкі ў бягучым годзе будуць выдаткаваны на матэрыяльнае заахвочванне лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, арганізацыю і правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выставаў, іншых мерапрыемстваў па выяўленні і прапагандзе творчасці маладых талентаў, набыццё музычных інструментаў, сцэнічных касцюмаў, матэрыялаў, абсталявання для заняткаў мастацкай творчасцю і іншыя мэты, звязаныя з пошукам, прафесійнай падрыхтоўкай і ўдасканаленнем майстэрства юных талентаў», — расказалі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя гэтага, кіраўнік дзяржавы сваім распараджэннем № 165рп зацвердзіў рашэнне савета спецыяльнага фонду прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў ад 29 сакавіка 2010 года, паводле якога прызначаныя стыпендыі прэзідэнта і заахвочвання грашовымі прэміямі 274 навучэнцам і студэнтам.

Агульная сума выплатаў у адпаведнасці з дадзеным загадам складзе 304,6 млн. рублёў. Стыпендыі кіраўніка дзяржавы ў памеры 300 тыс. рублёў штомесяц на другі семестр 2009/2010 навучальнага года прызначаныя 192 студэнтам-выдатнікам, расказалі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Таксама грашовымі прэміямі ў памеры ад 140 тыс. да 245 тыс. рублёў заахвочаны 36 пераможцаў XXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых біялагічных работ, 36 пераможцаў XI Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў, пяць пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі, па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль» і грашовымі прэміямі ў памеры 700 тыс. рублёў — адзін пераможца Усерасійскай тэлевізійнай гуманітарнай алімпіяды «Разумнікі й разумніцы» і чатыры пераможцы Усерасійскай адкрытай студэнцкай алімпіяды «Аптатэхніка-2009», — гаворыцца ў паведамленні.

Прынятыя распараджэнні прэзідэнта дазволяць забяспечыць адрасную дзяржаўную падтрымку лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, адораных навучэнцаў і студэнтаў, стварыць спрыяльныя ўмовы для пошуку, станаўлення і развіцця маладых талентаў, лічаць у адміністрацыі прэзідэнта.

Как вам новость?
Головоломки