На парадзе ў Мінску ўпершыню праедуць ракетныя комплексы С-300

27.04.2010 17:22
Архив Редакция

На парадзе ў гонар Дня Перамогі ў Мінску будуць упершыню паказаны зенітна-ракетныя комплексы С-300В. Пра гэта 26 красавіка паведаміў журналістам ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі Анатоль Грыцаў. Усяго ў механізаванай калоне будзе прадстаўлена больш за 130 адзінак баявой тэхнікі.

У ліку навінак на парадзе будуць таксама комплексы для кіравання ВПС і ППА, тэхніка для радыёэлектроннай барацьбы, перадае БелТА. Паветраны эшалон будзе складацца з 40 лятальных апаратаў: баявыя верталёты, штурмавікі, знішчальнікі і бамбавікі. Акрамя таго, на вучэбна-трэніровачных самалётах Іл-39 пакажуць сваё майстэрства лётчыкі з групы «Белая Русь».

У пешай калоне задзейнічаюць каля 30 тыс. чалавек з асабовага складу — прадстаўнікоў Ваеннай акадэміі Беларусі, ваеннага факультэта БНТУ, 120-й Гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, падраздзяленняў МНС, Дзяржпамежкамітэта, МУС. Таксама па Мінску пройдуць байцы 103-й і 38-й асобных мабільных брыгадаў. Упершыню ў беларускай сталіцы будуць маршаваць ваенныя з Расіі (76-я Гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія) і Украіны (95-я асобная аэрамабільная брыгада) — усяго 115 вайскоўцаў.

Плануецца, што парад працягнецца 45 хвілінаў і завершыцца выступам зводнай роты ганаровай варты. Па словах Анатоля Грыцава, сёлета святочны салют будзе асабліва ўрачыстым. У Мінску і ва ўсіх абласных цэнтрах у 22:00 у Дзень Перамогі будзе дадзена 30 залпаў. Прычым будуць выкарыстаны новыя феерверкі, якія да гэтага не ўжываліся ў Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки