На пераадоленне наступстваў на ЧАЭС накіруюць 262,28 млн. даляраў

06.04.2010 14:42
Архив Редакция

Міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў на паседжанні прэзідыума Саўміна Беларусі паведаміў, што ў краіне пачалі распрацоўваць дзяржпраграму па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы на 2011-2015 гады. Кіраўнік МНС нагадаў, што ў 2010 годзе сканчаецца чацвёртая дзяржпраграма па пераадоленні наступстваў на ЧАЭС, на якую з рэспубліканскага бюджэту накіруюць 262,28 млн. даляраў.

«Галоўная задача гэтай праграмы складаецца ў тым, каб забяспечыць пераход ад рэабілітацыйных мерапрыемстваў па найболей праблемных кірунках пераадолення наступстваў катастрофы да мэтанакіраванага сацыяльна-эканамічнага адраджэння і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, захоўваючы пры гэтым дасягнуты ўзровень сацыяльнай абароны і радыяцыйнай бяспекі насельніцтва», — цытуе БелТА словы міністра.

Па словах Энвера Барыева, гэтыя сродкі дазволяць паспяхова завяршыць дзяржпраграму і выйсці на ўсталяваныя ёю параметры. «Пры гэтым мы забяспечым сацыяльную і медыцынскую абарону грамадзян, вытворчасць прадукцыі, якая адпавядае рэспубліканскім і міжнародным нарматывам, фінансаванне харчавання дзяцей, будаўніцтва аб’ектаў сацпрызначэння і гэтак далей», — распавёў кіраўнік міністэрства па ЧС.

Энвер Барыеў таксама паведаміў пра тое, што новая праграма на 2011-2015 гады будзе накіравана «на аднаўленне і далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў з захаваннем неабходнага ўзроўня сацыяльнай абароны грамадзян і радыяцыйнай бяспекі».

Сідорскі: мерапрыемствы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС абыходзяцца вельмі дорага

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на паседжанні прэзідыума Саўміна паведаміў пра тое, што мерапрыемствы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС абыходзяцца вельмі дорага. «Толькі ў мінулым, складаным для Беларусі году, на выкананне гэтай праграмы накіравалі каля 922,3 млрд. рублёў (каля 310 млн. даляраў). Гэта сур’ёзныя сродкі», — падкрэсліў прэм’ер.

Сяргей Сідорскі таксама адзначыў і шэраг кадравых праблем на пацярпелых тэрыторыях, праблемных пытанняў па забеспячэнні харчаваннем дзяцей, атрыманні чыстай сельгаспрадукцыі і іншым. «Шэраг пытанняў, вызначаных праграмай на 2009 год, застаўся нявыкананым. Я прашу губернатараў, у прыватнасці Магілёўскай і Гомельскай абласцей, дэталёва выказаць прычыны, якія да гэтага прывялі», — сказаў беларускі прэм’ер.

Прэм’ер-міністр дадаў, што галоўным вынікам сённяшняга паседжання прэзідыума Саўміна павінна стаць прыняцце праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС на гэты год. У сувязі з гэтым кіраўнік беларускага ўрада папрасіў аблвыканкамы выказаць свае прапановы па гэтым пытанні.

«Цяперашні год — завяршальны для праграмы, у цяперашнім годзе мы павінны цалкам выканаць запланаваныя заданні. Гэта пытанне знаходзіцца пад кантролем кіраўніка дзяржавы», — нагадаў Сяргей Сідорскі.

Как вам новость?
Головоломки