На пікет апазіцыйных кандыдатаў напаў п'яны хуліган

18.10.2010 11:31
Архив Редакция

У нядзелю, 17 кастрычніка, на членаў ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Яраслава Раманчука і Мікалая Статкевіча напаў невядомы п'яны мужчына. Напад адбыўся ў Гомелі каля ўнівермага "Гомель", дзе актывісты праводзілі збор подпісаў.

Як распавяла член ініцыятыўнай групы лідара грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава Лілія Уварава, спачатку да пікету падышлі тры п’яных мужчыны, пачалі абражаць зборшчыкаў подпісаў, нецэнзурна выражацца, перадае БелаПАН.

«Мы прыгразілі, што выклічам міліцыю, і яны сышлі. Але адзін вярнуўся, пачаў лезці ў бойку, штурхнуў мяне, перавярнуў стол, пачаў выхопліваць ў людзей, якія падпісваліся, пашпарты, біў мяне па нагах. Ён паліў запалкі і кідаў на нас», — распавяла Лілія Уварава.

Хуліган перавярнуў сталы, за якімі збіралі подпісы за Уладзімера Някляева і Яраслава Раманчука. Аднак, члены ініцыятыўнай групы здолелі затрымаць п’янага мужчыну. Актывісты выклікалі міліцыю, якая павезла нападніка ў аддзяленне.

Разам з тым гэта ўжо не першы выпадак нападу на ініцыятыўныя групы апазыцыйных палітыкаў, якія вылучаюць свае кандыдатуры на прэзідэнцкі пост. Так, як раней перадаваў Тэлеграф, усё ў тым жа Гомелі на членаў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку лідара грамадзкай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева ў нядзелю, 10 кастрычніка, напаў невядомы малады чалавек. Інцыдэнт адбыўся каля ўнівермага «Гомель», дзе некалькі дзён запар актывісты праводзяць пікет па зборы подпісаў.

Как вам новость?