На "Пінскдрэве" звальняюць нязгодных з прыходам новага кіраўніцтва

14.01.2011 12:23
Архив Редакция

На фабрыцы "Пінскдрэў" тым работнікам, якія не згодныя з загадам канцэрна "Беллеспаперапрам" аб прызначэнні новага кіраўніцтва і зняцці назіральнага савета, прапанавана альбо звольніцца па ўласным жаданні, або ў аднабаковым парадку.

Некаторым мэнэджарам і адміністратарам прапануецца напісаць заяву аб звальненні, паведаміў супрацоўнік прадпрыемства, якому новае кіраўніцтва таксама прапанавала звольніцца.

«На заводзе з боку, як гэта цяпер лічыцца, новага кіраўніцтва, было сказана, што забараняецца даваць нейкія каментары для СМІ. Пасля ж маіх намаганняў прадставіць СМІ праўду аб падзеях на прадпрыемстве, мяне наогул абавязалі напісаць заяву аб звальненні па ўласным жаданні» , — распавёў супрацоўнік прадпрыемства, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Былы дырэктар «Пінскдрэва» лічыць вінаватымі ў сваім звальненні журналістаў

Былы генеральны дырэктар «Пінскдрэва», які цяпер знаходзіцца ў лякарні, адмовіўся камэнтаваць сваю звальненне і сітуацыю на прадпрыемстве: «Вы, журналісты, мяне і знішчылі. Тады столькі давалі негатыўнай інфармацыі, каб знялі Арыніча. Калі б не было гэтай пісаніны скрозь і ўсюды , то, магчыма, і не было б такога становішча, што мяне выгналі, як сабаку, па артыкуле».

«Мой стан цяпер надзвычай кепскі. Дадаліся хваробы дадатковыя, я ледзь жывы», — дадаў Ларан Арыніч.

Дырэктара па кадрах «Пінскдрэва», які таксама ў лякарні, дзе і Ларан Арыніч, кіраўніцтва прадпрыемства звальняе ў аднабаковым парадку. Прэс-сакратар «Пінскдрэва» адпраўлены ў адпачынак.
 
Між тым мэнэджары прадпрыемства не згаджаюцца з рашэннямі, якія былі ўведзеныя супраць холдынгу: «Збор акцыянераў, якія арганізаваў канцэрн «Беллеспаперапрам» — гэта не сход акцыянераў, бо насамрэч акцыянераў у нас паўтары тысячы чалавек. На зборы ж прысутнічалі зацікаўленыя асобы ў колькасці 15-20 чалавек».

Адміністратары прадпрыемствы адмаўляюцца ад каментароў

Многія дырэктары і адміністратары прадпрыемства адмаўляюцца ад каментароў. Дырэктар жа завода, дзе 25 кастрычніка мінулага года адбыўся выбух, Леанід Логвін наогул параіў не «ўлазіць у гэтыя справы».

Былы дэпутат пінскага гарсавету Яўген Шатохін кажа, што справы робяцца на прадпрыемстве літаральна «праз калена»: «Яшчэ адным важным момантам з’яўляецца тое, што Арыніч, цяпер былы дырэктар «Пінскдрэва», з’яўляецца ганаровым жыхаром Пінску. Таму гэта толькі разагравае сітуацыю. Такога ў гісторыі яшчэ не было раней, каб ганаровага жыхара звальнялі».

Па словах Яўгена Шатохіна, жыхарам Пінску невядома, што на самай справе адбываецца на прадпрыемстве.