На трасе Магілёў-Гомель легкавы аўтамабіль пратараніў МАЗ

22.03.2010 11:54
Архив Редакция

На трасе Магілёў-Гомель каля мястэчка Мірны Магілёўскага раёна легкавы аўтамабіль Citroen Xsara урэзаўся ў МАЗ, які стаяў на транспартнай развязцы. У выніку ДТЗ загінулі два чалавекі, якія знаходзіліся ў іншамарцы. Пра гэта паведамілі ва УДАІ міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Як паведамляецца, ДТЗ адбылося 21 сакавіка каля 10:15. Іншамаркай кіравала жанчына з кіроўчым стажам каля года. «Ва ўмовах смугі кіроўца абрала няправільны хуткасны рэжым і выехала на паласу сустрэчнага руху, пасля чаго ўрэзалася ў грузавік, які стаяў на транспартнай развязцы «, — распавялі ў ДАІ.

У выніку, бацька і маці жанчыны, якія знаходзіліся ў аўтамабілі, загінулі на месцы. Яшчэ адну пасажырку іншамаркі шпіталізавалі ў лякарню з рознымі траўмамі. Ці пацярпеў кіроўца, пакуль не паведамляецца.

У сувязі з гэтым, Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў ва ўмовах смугі быць асабліва асцярожнымі. «Неабходна ўключаць супрацьтуманныя фары і блізкае святло, рухацца на ніжэйшай хуткасці, чым звычайна. На паваротах, недалёка прыпынкаў грамадскага транспарту і пешаходных пераходаў неабходна быць таксама вельмі ўважлівымі. Пешаходы дрэнна бачныя пры смузе», — падкрэслілі ў ДАІ.

У сваю чаргу, пешым удзельнікам руху ў Дзяржаўтаінспекцыі раяць выкарыстоўваць флікеры.

Па дадзеных ДАІ, за мінулыя выходныя і ў пятніцу, 19 сакавіка, у Беларусі адбылося 28 ДТЗ з пацярпелымі: пяць чалавек загінула, 30 атрымалі раненні. Акрамя таго, 396 кіроўцаў прыцягнулі да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым выглядзе.

Как вам новость?
Головоломки