На Усебеларускі сход не пусцяць прадстаўнікоў малалікіх партый

28.10.2010 12:09
Архив Редакция

Палітычныя партыі колькасцю менш за 100 тыс. чалавек не змогуць прыняць удзел у IV Усебеларускім сходзе. На гэтай падставе выканаўчы камітэт Ленінскага раёну Мінску адмовіўся разглядаць дакументы членаў Партыі "Справядлівы свет" Парфіра Кукіна і Аляксея Елісеева, вылучаных упаўнаважанымі на з'езд, паведамілі актывісты.

Па словах палітыкаў, беларускія грамадскія аб’яднанні, якія адпавядаюць гэтаму крытэру, «можна палічыць на пальцах адной рукі». «Патрапіць на Усебеларускі сход маюць магчымасць члены праўрадавых аб’яднанняў, такіх як БРСМ, «Белая Русь» і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі», — адзначыў Аляксей Елісееў, перадае сайт АДС.

«Ні адна палітычная партыя ў Беларусі не мае права вылучыць сваіх членаў. І ні адзін чалавек як прадстаўнік палітычнай партыі, ці то апазіцыйнай ці праўладнай, не будзе прадстаўлены на IV Усебеларускім сходзе. Атрымліваецца, значная частка грамадска актыўнага, палітычна актыўнага грамадства адхіленая ад прыняцця рашэнняў па найважнейшых пытаннях жыцця і дзейнасці краіны», — адзначыў палітык.

IV Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня 2010 года. Адпаведны ўказ № 531 падпісаў 13 кастрычніка прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Указам вызначана колькасць удзельнікаў сходу ў 2,5 тыс. чалавек, вызначаны арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні сходу.

Как вам новость?
Головоломки