На Віцебшчыне пракуратура выявіла рэкордны ў гісторыі хабар

11.03.2010 17:25
Архив Редакция

У Віцебскай вобласці абласная пракуратура выявіла рэкордны хабар у памеры 28 тыс. даляраў. Менавіта столькі, па версіі абласной пракуратуры, атрымаў ад кітайскай кампаніі былы начальнік бюро камплектацыі РУВП «Віцязь». “Гэта справа, следства па якой працягваецца, з'яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам”, — распавёў пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско.

Па словах пракурора, звычайна матэрыяльныя ўзнагароды хабарнікам не перавышаюць дзвюх тысяч даляраў. “Хабары і крадзяжы складаюць звыш за 60% усіх карупцыйных злачынстваў у Віцебскай вобласці“, — паведаміў Генадзь Дыско, перадае БелТА.

“Другім найболей распаўсюджаным злачынствам у гэтай сферы з’яўляецца службовая падробка“, — распавёў пракурор, нагадаўшы пры гэтым, што ўсяго за 2009 год у Віцебскай вобласці выявілі 527 карупцыйных злачынстваў.

Па словах Генадзя Дыско, ніхто з хабарнікаў “не з’явіўся ў праваахоўныя органы з пакаяннем, а сярод хабарадавальнікаў доля тых, хто прызнаўся ў злачынстве, склала 22,8 %”.

“Гэта людзі, якія давалі грошы за рашэнне сваіх праблем і не дасягнулі жаданага выніку па розных прычынах. Такім чынам, яны, перадусім, жадалі вызваліцца ад крымінальнай адказнасці за сваё злачынства“, — адзначыў пракурор Віцебскай вобласці.
 

Как вам новость?