На Віцебшчыне праз пажары забаранілі наведваць лясы

28.07.2010 08:48
Архив Редакция

У Віцебскай вобласці праз лясныя пажары забараняецца наведваць лясы. Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу аховы і абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Аляксей Шапашнікаў.

«На сённяшні дзень у сувязі з высокай пажаранебяспечнай сітуацыяй уведзена забарона на наведванне лясоў у Віцебскім, Лёзненскім, Дубровенскім і Полацкім раёнах. Адпаведнае рашэнне ўжо рыхтуецца і ў Шумілінскім, Ушацкім, Талачынскім, Сенненскім, Аршанскім, Лепельскім раёнах. Плануецца, што яно будзе прынята на працягу найбліжэйшых дзён», — цытуе Аляксея Шапашнікава БелТА.

Пры гэтым Аляксей Шапашнікаў нагадаў, што за парушэнне забароны на наведванне лясоў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 25 базавых велічыняў (875 тыс. рублёў). «Калі ж дзеянні грамадзянаў выклікалі наступствы і іх адказнасць удалося ўстанавіць, штрафныя санкцыі складаюць ад 25 да 50 базавых велічыняў», — адзначыў спецыяліст.

У ліку іншых мераў, накіраваных на папярэджанне распаўсюджання ўзгаранняў, сталася ўзмацненне назірання з пажарных вышак, умацаванне рэйдавых патрулёў працаўнікоў лясной аховы супрацоўнікамі міліцыі, раённых інспекцыяў аховы жывёльнага і расліннага свету, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, авіяборты ў Полацкай і Віцебскай зонах пачалі штодня рабіць па два вылеты.

«У цэлым сітуацыя з ляснымі пажарамі ў цяперашні час застаецца падкантрольнай, хаця па паўночным захадзе вобласці адзначаецца пажаранебяспечнасць 3-га класа (сярэдняя), а па паўднёва-ўсходніх рэгіёнах — 4-га класа (высокая верагоднасць узнікнення пажараў)», — распавёў Аляксей Шапашнікаў.

Усяго з пачатку вясенне-летняга сезону ў Віцебскай вобласці адбыўся 21 лясны пажар на плошчы 15 гектараў, пры гэтым дзевяць з іх здарыліся за мінулыя тры дні.

Как вам новость?