На заводзе ў Барысаве адбыўся пажар

28.10.2010 23:52
Архив Редакция

У Барысаве на заводзе "Аўтагідраўзмацняльнік" 28 кастрычніка ў 13:30 пачаўся пажар. Як паведаміў прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, ратавальнікам удалося ліквідаваць ўзгаранне ўжо праз паўгадзіны, абышлося без пацярпелых. У цяперашні час спецыялісты высвятляюць абставіны здарэння.

Па словах Віталя Навіцкага, прычынай пажару стаўся перагрэў гальванічнай печкі, менавіта таму над заводам падчас пажару было шмат дыму, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі». «Адбыўся перагрэў печы, у якой знаходзілася шэсць тон масла. Гэтае масла загарэлася, а пры гарэнні масла (алею) вылучаецца шмат дыму», — растлумачыў прадстаўнік МНС.

Са словаў працаўнікоў заводу, у тэрма-гальванічным цэху выбухнула печ для загартоўкі жалеза. Полымя вырывалася з вокнаў цэха, у выніку чаго загарэўся дах, перадае «Электронны Барысаў».

Работнікаў прадпрыемства вывелі на вуліцу праз 20-30 хвілін пасля ўзгарання. Іх не апавясцілі аб надзвычайнай сітуацыі і аб эвакуацыі па гучнай сувязі. Як распавялі працаўнікі завода, начальнікам структурных падраздзяленняў, аддзелаў і цэхаў патэлефанавалі і загадалі выводзіць людзей. Работнікі завода прастаялі каля гадзіны на вуліцы.

Как вам новость?