На званне "прарасійскага" кандыдата прэтэндуе генерал Фралоў

31.05.2010 16:09
Архив Редакция

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генерал Валеры Фралоў заявіў, што мае намер балатавацца ў прэзідэнты Беларусі і будзе пазіцыянаваць сябе як "прарасійскага" кандыдата. Па словах палітыка, ён "сур'ёзна думае" над вылучэннем сваёй кандыдатуры, аднак пакуль не будзе аб гэтым афіцыйна заяўляць.

Экс-дэпутат адзначыў, што яго заяўленая «прарасійскасць» не азначае, што ён — супраць Беларусі, а сталася толькі следствам таго, што ў так званых празаходніх кандыдатаў менш шанцаў атрымаць падтрымку насельніцтва, перадае БелаПАН. Акрамя таго, лічыць патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы, «нас штучна падзялілі на празаходніх і прарасійскіх».

«Я думаю, што ў прарасійскіх кандыдатаў нацыянальных інтарэсаў значна больш і разумення месца Беларусі значна больш, чым у празаходніх. Я бачу, што сярод кандыдатаў няма ні аднаго прарасійскага, усе кудысьці на Захад накіраваліся. Я не думаю, што нас там чакаюць у той якасці, у якой мы цяпер ёсць «, — растлумачыў сваю пазіцыю Валеры Фралоў.

Фралоў не выключае супрацоўніцтва з Саннікавым

Генерал Фралоў таксама заявіў, што гатовы супрацоўнічаць з іншымі патэнцыяльнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, сярод якіх «самым годным» ён назваў лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікава. Галоўным крытэрыем для супрацоўніцтва Валеры Фралоў назваў наяўнасць у кандыдатаў жадання рэальна працаваць, перадае «Наша нiва».

«Аднак магчыма, што ў працэсе з’явіцца яшчэ некалькі асобаў. Для мяне не так важна, левы кандыдат ці правы. Важна, каб ён быў варты пасады прэзідэнта краіны», — падкрэсліў экс-дэпутат.

Как вам новость?