Нацбанк абвяргае чуткі аб дэнамінацыі

08.11.2010 12:49
Архив Редакция

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў катэгарычна абверг чуткі пра тое, што ў найбліжэйшай будучыні беларусам варта чакаць дэнамінацыі. Каментуючы інфармацыю аб тым, што ў банках Мінску апошнім часам назіраецца недахоп 10- і 20-рублёвых купюраў, прадстаўнік Нацбанка заявіў, што гэта — недапрацоўка кіраўніцтва банкаў.

«Вы дарма слухаеце тое, што вам распавядаюць касіры з-за сваёй амбразуры. Калі вы памятаеце, то ў пачатку 2009 года менавіта яны расказвалі кліентам, што ўжо бачылі новыя надрукаваныя грошы, прывезеныя з-за мяжы. Калі ў пэўным аддзяленні няма нейкіх купюраў, гэта пытанне да кіраўніцтва банка. Няхай заказваюць больш. У запасе хапае купюр любой вартасці», — заявіў Анатоль Драздоў.

У той жа час, у некаторых банках Мінску, у тым ліку ў аддзяленнях «Беларусбанка», «Банка «Масква-Мінск», касіры паведамілі, што завоз дробных банкнот спыніўся два месяцы таму, перадае «n#####n».

«Час ад часу кожнае аддзяленне банка заказвае ў галоўным офісе новыя банкноты. Іх прывозяць пачкамі — напрыклад, тысячу лістоў пяцітысячных купюраў, тысячу лістоў стотысячных. І праблемы з пастаўкамі банкнот не ўзнікалі ніколі. Але апошнія два месяцы на нашы запыты прывезці банкноты па 10 і 20 рублёў няма ніякай рэакцыі», — распавёў супрацоўнік аднаго з аддзяленняў «Беларусбанка» на праспекце Машэрава ў Мінску.

«Іншыя купюры прывозяцца адразу, а гэтыя чамусьці не, прычым без тлумачэння прычынаў. Касіры вымушаныя альбо не даваць кліентам рэшту, альбо наадварот, выдаваць больш. Праблема ў тым, што, калі ў аддзяленне прыходзіць праверка, нястача альбо лішак нават дробнай сумы грошай прыводзяць да аўтаматычнага пазбаўлення прэміі для касіра і іншых штрафных санкцыяў. Таму даводзіцца трымаць у кішэні на ўсялякі выпадак некалькі десяцірублёвых купюраў, каб пры неабходнасці можна было даласці іх», — растлумачыў супрацоўнік банка.

Аднак, па словах Анатоля Драздова, падобная сітуацыя, калі заказы проста ігнаруюцца, немагчымая.

Акрамя таго, у самім «Беларусбанку» таксама лічаць, што праблемы з недахопам дробных купюр няма. «Нашы аддзяленні маюць пэўную самастойнасць, яны заказваюць грошы ў філіялах, а тыя ўжо наўпрост заказваюць купюры, якіх не хапае. Калі праблема ў тым, што старыя купюры сканчаюцца, а новых няма — гэта пытанне да Нацбанку. Усё ж эмітэнт ў нас адзін», — адзначыў прэс-сакратар «Беларусбанка».

Как вам новость?
Головоломки