Нацбанкі Беларусі і Польшчы распрацуюць сумесную грашова-крэдытную палітыку

16.08.2010 16:11
Архив Редакция

Нацыянальныя банкі Беларусі і Польшчы абмеркавалі пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. Сустрэчы паміж старшынём праўлення Нацбанка Беларусі Пятром Пракаповічам і прэзідэнтам праўлення Нацбанка Польшчы Марэкам Белькам прайшлі 12-13 жніўня ў Берасці. Бакі выказаліся за пашырэнне супрацоўніцтва па ўсіх напрамках дзейнасці цэнтральных банкаў дзвюх краінаў.

Кіраўнікі Нацбанкам Беларусі і Польшчы абмяняліся думкамі аб ходзе сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін, стане і перспектывах дзейнасці банкаўскіх сістэмаў. Бакі таксама абмеркавалі вынікі выканання грашова-крэдытнай палітыкі і пытанні супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, паведамілі ў Нацбанку Беларусі.

Бакі адзначылі, што ў апошнія гады паміж цэнтральнымі банкамі Беларусі і Польшчы складваюцца прадуктыўныя партнёрскія адносіны. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навучання банкаўскага персаналу. У Польшчы дзейнічаюць прадстаўніцтвы ААТ «АСБ Беларусбанк», ААТ «БПС-банк», ААТ «Белінвестбанк». У беларускай банкаўскай сістэме прысутнічае польскі капітал.

Прадстаўнікі цэнтральных банкаў дзвюх краінаў выказаліся за пашырэнне супрацоўніцтва па ўсіх напрамках дзейнасці, асабліва ў галіне распрацоўкі і рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, падрыхтоўкі і навучання персаналу, памежнага супрацоўніцтва тэрытарыяльных падраздзяленняў двух цэнтральных банкаў.

Акрамя гэтага, дасягнута дамоўленасць аб правядзенні рэгулярных візітаў на ўзроўні кіраўніцтва і экспертаў, навучання персаналу, арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і па шэрагу іншых пытанняў.

Как вам новость?