Нацбанк: чуткі аб дэвальвацыі рубля — правакацыя

15.03.2011 13:22
Архив Редакция

З'яўляюцца паведамленні аб магчымай рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля — гэта правакацыйныя чуткі, заявілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка краіны. Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі рэспублікі не прадугледжваюць якіх-небудзь зменаў абменнага курсу нацвалюты, якія выходзілі б за межы, вызначаныя на 2011 год.

«У сувязі са з’яўленнем у апошні час правакацыйных чутак аб магчымай рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне дзякуючы асобным сродках масавай інфармацыі і сетцы інтэрнэт, Нацыянальны банк паведамляе, што дадзеныя чуткі ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці», — паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі банка.

Там таксама адзначылі, што Нацыянальны банк збіраецца прытрымлівацца палітыкі курсаўтварэння «строга ў межах вызначанага калідора дапушчальных зменаў курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют», якія складаюць плюс-мінус 8% адносна значэння курсу пачатку 2011 года — 1,05704 рубля. Такім чынам, банк разлічвае забяспечыць плаўнасць і прадказальнасць дынамікі курсу.

Змены двухбаковых курсаў беларускага рубля ў адносінах да замежнай валюты, якія ўваходзяць у кошык — даляр, еўра і расійскі рубель, — павінны быць нязначнымі з-за ўплыву узаемных зменаў курсаў дадзеных валют на сусветным рынку, адзначылі ў Нацбанку.

«У цяперашні час для забеспячэння ўстойлівасці нацыянальнай валюты Нацыянальны банк валодае як усімі неабходнымі манетарнымі інструментамі, так і золатавалютнымі рэзервамі. Іх ўзровень цалкам дастатковы для падтрымання стабільнасці беларускага рубля і дазваляе ў поўным аб’ёме задавальняць попыт на замежную валюту з боку насельніцтва, аператыўна рэагаваць на кан’юктурныя змены попыту на ўнутраным валютным рынку, гарантаваць плацяжы па знешніх абавязальніцтвах», — заявілі ў галоўным банку Беларусі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, з пачатку 2011 года золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 20% — больш чым на мільярд даляраў. Міжнародны валютны фонд назваў эканамічную палітыку Беларусі «занадта слабой», а эксперты банка Raiffeisen заявілі, што беларускім уладам трэба вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю, калі яны маюць намер захаваць золатавалютныя рэзервы краіны. У прыватнасці, спецыялісты банка ўказваюць на неабходнасць дэвальвацыі беларускага рубля.

Акрамя таго, у Мінску апошнім часам досыць праблематычна купіць даляры. Так, днём 14 сакавіка ў абменным пункце «Беларусбанка» на вуліцы Кірава ў чаргу на куплю валюты выстраілася каля 150 чалавек. У шэрагу абменных пунктаў даляраў папросту не было ў наяўнасці. Нягледзячы на гэта, начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў паведаміў, што «неабходнасці тэрмінова бегчы па валюту няма», а павышаны попыт насельніцтва на валюту спадзе ў найбліжэйшыя дні.

Как вам новость?
Головоломки