Нацбанк: грамадзяне выводзяць рублёвыя ўклады з Беларусбанка

07.10.2010 15:12
Архив Редакция

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў паведаміў, што ў сістэме Беларубанка адзначаны адток рублёвых укладаў. У той жа час, па словах прадстаўніка Нацбанка, у іншых банках рэспублікі такой тэндэнцыі не назіраецца.

Тым самым Анатоль Драздоў абверг інфармацыю кіраўніка Беларусбанка Надзеі Ермаковай аб тым, што ў апошні час беларусы актыўна здымаюць рублёвыя дэпазітныя ўклады. Паводле інфармацыі Надзеі Ермаковай, фізічныя асобы здымаюць каля пяці — сямі мільярдаў рублёў у дзень па сістэме, перадае АФН.

Аднак начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка, заявіў, што адток рублёвых укладаў насельніцтва ў Беларусбанку выкліканы «няўдалай маркетынгавай палітыкай банка», які нядаўна рэзка знізіў працэнтныя стаўкі па дэпазітах для насельніцтва. Разам з тым, менавіта на гэты банк прыпадае каля 60% усіх укладаў беларусаў.

«Іншыя беларускія банкі прапануюць грамадзянам больш выгадныя ўмовы захоўвання рублёвых сродкаў на дэпазітах», — растлумачыў Анатоль Драздоў.

Как вам новость?