Нацбанк: мы не забаранялі прадаваць даляры даражэй за 4 тыс. рублёў

16.05.2011 13:02
Архив Редакция

Нацыянальны банк Беларусі не забараняў камерцыйным банкам падымаць курс продажу даляра ў абменных пунктах вышэй за 4 тыс. рублёў. Пра гэта Тэлеграф 16 траўня заявілі ў прэс-службе банка. Акрамя таго, там паведамілі, што старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч яшчэ не выйшаў на працу і па-ранейшаму знаходзіцца на бальнічным.

Калі кіраўнік цэнтральнага банка вернецца на працоўнае месца, невядома. «Я гэтага не магу сказаць — аб гэтым трэба спытаць лекараў, а не нас. Пётр Пракаповіч ўсё яшчэ на бальнічным, які яму рэгулярна падаўжаюць», — сказаў супрацоўнік банка.

Аднак, з’явілася інфармацыя, што старшыня Нацбанка 16 траўня ўсе-ткі з’явіўся на працы, але праз некаторы час «зноў узяў бальнічны».

Раней паведамлялася, што Пётр Пракаповіч выпісаўся з лякарні пасля таго, як больш за месяц знаходзіўся на бальнічным — яму зрабілі складаную аперацыю на сэрцы.

Курс даляра на біржы вырас да 3,12 тыс. рублёў

Па выніках таргоў замежнымі валютамі 16 траўня на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра павялічыўся на 36 рублёў і складае цяпер 3,12 тыс. рублёў — гэта гістарычны максімум.

Акрамя таго, курс расійскага рубля вырас на 0,21 рубля да 110,95 беларускіх рубля, а курс еўра — на 5 рублёў да 4,413 тыс. рублёў.

У адносінах да кошыка валют беларускі рубель знізіўся на 0,49% у параўнанні з папярэднім значэннем. Кошт кошыка таксама абнавіла максімум і склала 1151,75 рубля.

З 1 студзеня 2011 года курс беларускага рубля да валютнага кошыка знізіўся на 9,2%, да даляра — на 4%, да расійскага рубля — на 12,71%, да еўра — на 11,10%.

Калідор ваганняў курсу беларускага рубля ў адносінах да кошыка валют з 12 траўня пашыраны з плюс/мінус 8% да 12%.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, пасля адмены Нацбанкам абмежаванняў па валютным курсаўтварэнні для продажу валюты насельніцтву да раніцы 12 траўня ўсе камерцыйныя банкі здзейснілі фактычную дэвальвацыю беларускага рубля прыкладна на 30% і сталі прадаваць даляры па курсе да чатырох тысяч рублёў.
Аднак паведамлялася, што Нацбанк адмяніў свае абмежаванні не цалкам і настойліва рэкамендаваў камерцыйным банкам утрымліваць курс даляра на адзнацы не вышэй за чатыры тысячы рублёў.

Як заявіла Тэлеграфу крыніца ў банкаўскіх колах, у выпадку адмены Нацбанкам сваёй апошняй рэкамендацыі беларускія камерцыйныя банкі гатовы прадаваць даляр па пяць тысяч рублёў. Аднак на раніцу 16 траўня ўсе банкі краіны выставілі курс продажу даляра роўна ў чатыры тысячы рублёў.

Как вам новость?
Головоломки