Нацбанк: МВФ зацікаўлены і далей працаваць з Беларуссю

03.02.2011 16:22
Архив Редакция

Місія Міжнароднага валютнага фонду завяршыла сваю місію ў Беларусі, закліканую скончыць пачатыя ў лістападзе 2010 года кансультацыі ў рамках артыкулу IV Артыкулаў пагаднення МВФ. «Па выніках візіту бакі пацвердзілі сваю вялікую зацікаўленасць у прадаўжэнні далейшага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным валютным фондам», — паведамілі ў Нацыянальным банку Беларусі. 

У ходзе візіту эксперты МВФ сустрэліся з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання, абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю, меры па ўдасканаленні эканамічнай палітыкі, праблемныя пытанні развіцця і шляхі іх вырашэння, умовы гаспадарання і павышэння эфектыўнасці працы рэальнага сектару эканомікі, прынятыя беларускімі ўладамі з часу папярэдняга візіту місіі.

Прадстаўнікі МВФ падтрымалі мэтазгоднасць дасягнення Беларуссю да 2015 года збалансаванасці знешняга гандлю для забеспячэння ўстойлівага развіцця і ўмацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы. Акрамя таго, яны пазітыўна ацанілі прынятыя захады па рашэнні гэтай задачы, а таксама па стварэнні ў краіне ўмоў для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці.

«Па меркаванні супрацоўнікаў фонду, прыняцце адпаведнай Дырэктывы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4 і мераў па яе безумоўнай рэалізацыі створыць спрыяльнае асяроддзе для вядзення бізнэсу, будзе садзейнічаць развіццю прыватнага сектару эканомікі і павысіць яе прывабнасць для інвестараў», — адзначылі ў Нацбанку.

Як паведамляў Тэлеграф, кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Крыс Джарвіс заявіў, што Беларусь ужо цалкам выйшла з эканамічнага крызісу, стаўшы адной з нешматлікіх краін, дзе ў перыяд крызісу працягваўся рост ВУП.

Как вам новость?
Головоломки