Нацбанк на 2% падвысіў стаўку рэфінансавання

22.06.2011 10:46
Архив

Нацыянальны банк Беларусі з 22 чэрвеня на два працэнтныя пункты павысіў стаўку рэфінансавання, якая цяпер складае 18% гадавых. Гэта прадугледжана пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 14 чэрвеня № 230.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, за гэты год гэта ўжо пятае павышэнне стаўкі рэфінансавання, якая ў мінулы раз (1 чэрвеня) павялічылася да 16% гадавых.

«Такое рашэнне прынята ў рамках паслядоўнай палітыкі, накіраванай на павелічэнне даходнасці па ўкладах у беларускіх рублях і ўзмацненне абароны рублёвых зберажэнняў у банках ад інфляцыйных працэсаў. Пры гэтым паэтапнае павышэнне стаўкі рэфінансавання ўлічвае інтарэсы крэдытных пазычальнікаў, даючы ім час адаптавацца да новых эканамічных умоваў», — казалі ў Нацбанку.

Нацыянальны банк і ў далейшым будзе праводзіць узважаную працэнтную палітыку, надаючы асаблівую ўвагу пытанням захаванасці і прывабнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацый у банках, запэўнілі ў банку.
У апошні раз стаўка рэфінансавання ў памеры 18% была ў верасні 2004 года.

Акрамя таго, з пачатку года інфляцыя ў Беларусі склала 25,4%. Толькі ў траўні інфляцыя склала 13,1%. Між тым, прагнозныя паказчыкі інфляцыі, зацверджаныя ўрадам краіны ў канцы 2010 года, складалі 7,5-8,5%.