Нацбанк не будзе змяняць структуру рэзерваў праз ваганні курсу еўра

03.06.2010 16:25
Архив Редакция

Нацыянальны банк Беларусі не плануе змяняць структуру сваіх валютных рэзерваў у сувязі з ваганнямі курсаў сусветных валют, у прыватнасці, з падзеннем курсу еўра на сусветным валютным рынку. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення міжнародных аперацый Нацбанка Тарас Надольны.

«Мы пакуль не плануем рабіць рэзкіх крокаў па змене структуры валютных рэзерваў, бо ў выніку можам двойчы згубіць», — цытуе БелТА словы прадстаўніка НББ.

Тарас Надольны растлумачыў, што ў гэтым пытанні Нацбанк арыентуецца на валютную структуру знешнегандлёвага балансу краіны, дзе цяпер больш пагадненняў здзяйсняецца ў далярах. Валютныя рэзервы Нацбанк захоўвае ў еўра, доларах, расійскіх рублях і кітайскіх юанях. Працэнтныя суадносіны гэтых валют у агульным аб’ёме рэзерваў Нацбанк не называюць.

«Нацыянальны банк Беларусі застаецца кансерватыўным у падыходах да змены структуры рэзерваў, — адзначыў Тарас Надольны. — Дзейсная фактычная валютная структура цалкам адпавядае зацверджанай у Нацыянальным банку нарматыўнай валютнай структуры. У сувязі з гэтым, а таксама ў сувязі з існай нявызначанасцю на сусветным фінансавым рынку, мы не бачым неабходнасці рэзка рэагаваць на ваганні пары «даляр-еўра».

Па паведамленнях інфармагенцтваў, у сувязі з ваганнямі курсаў даляра і еўра цэнтрабанкі шэрагу краін прынялі рашэнне аб продажы часткі сваіх рэзерваў у еўра і скупку даляраў і золата. Так, спецыялісты фінансавых рынкаў адзначаюць, што арабскія краіны Персідскага заліву пачалі пазбаўляцца ад еўра. Разам з тым аналітыкі мяркуюць, што зніжэнне еўра на дадзеным этапе вычарпала сябе. У сённяшнім курсе адзінай валюты адносна амерыканскага даляра ўжо закладзены ўвесь магчымы негатыў. Валюта вельмі перапраданая. У сувязі з гэтым чакаецца разварот пары «еўра-даляр» на узыходны пад’ём курсу еўра.

Між тым, курс беларускага рубля ў адносінах да кошыка замежных валютаў з пачатку года ўмацаваўся на 1,04% і з чацвёртага чэрвеня устаноўлены на ўзроўні 1025,52 рубля. Па дадзеных Нацыянальнага банка, з пачатку года даляр умацаваўся ў адносінах да беларускага рубля на 4,96%, еўра знізіўся на 10,14%, расійскі рубель умацаваўся на 2,76%.

Как вам новость?