Нацбанк не прыслухаўся да МВФ: дэвальвацыя не плануецца

22.02.2011 19:27
Архив Редакция

Банкаўская сістэма Беларусі працуе без збояў, і ўносіць якія-небудзь змены ў яе функцыянаванне, у тым ліку праводзіць дэвальвацыю рубля, у бліжэйшы час не плануецца. Аб гэтым заявіў 22 лютага ў ходзе даклада прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыня праўлення Нацыянальнага банка краіны Пётр Пракаповіч.

У студзені 2011 года ўсе паказчыкі, закладзеныя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на бягучы год, у цэлым былі выкананы. Забяспечаны стабільны курс беларускага рубля: да кошыка замежных валют за студзень ён змяніўся толькі на 1,94%. Курс нацыянальнай валюты да кошыка замежных валют у бягучым годзе будзе знаходзіцца ў межах абвешчанага калідора — +/- 8%, паведаміў кіраўнік Нацбанка.

Нацбанк пахваліў недзяржаўныя банкі за крэдытаванне эканомікі і фізічных асобаў

Паводле слоў Пятра Пракаповіча, банкаўская сістэма ў поўным аб’ёме забяспечвае крэдытаванне эканомікі краіны. Толькі за студзень 2011 года прырост крэдытаў склаў 3,2%, а да ўзроўню лютага 2010 года — 44%, што значна вышэй, чым запланаваныя паказчыкы, адзначыў ён. Пры гэтым доўгатэрміновыя крэдыты банкаў раслі больш хуткімі тэмпамі, чым у цэлым аб’ёмы крэдытавання ў краіне.

Нацбанк таксама адзначае вялікую ролю недзяржаўных банкаў, якія аказваюць істотную крэдытную падтрымку прадпрыемствам малога і сярэдняга бізнэсу. «Немалая крэдытная падтрымка прадастаўляецца і насельніцтву, прычым па ўсіх напрамках фінансавання», — сказаў старшыня НББ.

Пракаповіч: стаўка рэфінансавання пакуль не павысіцца

Што датычыцца працэнтнай палітыкі галоўнага фінансавага інстытуту краіны, то стаўка рэфінансавання з пачатку 2011 года не змянялася, працэнтныя стаўкі на фінансавым рынку стабільныя і значна ніжэйшыя, чым былі ў першым квартале мінулага года. Фактычна цяпер яны на 5-7% менш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года, падкрэсліў Пётр Пракаповіч.

Кіраўнік Нацбанка запэўніў прэзідэнта ў тым, што і ў далейшым банкаўская сістэма Беларусі забяспечыць неабходныя патрэбы рэальнага сектару эканомікі.

Нацбанк адмовіўся ад падтрымкі замацаваных за ім калгасаў

Акрамя гэтага, Аляксандру Лукашэнку было дакладзена аб выкананні шэрагу яго даручэнняў. У прыватнасці, размова ішла аб рабоце сельгасарганізацый, замацаваных за Нацыянальным банкам. За 2010 год валавая выручка гэтых сельгаспрадпрыемстваў і іх прыбытак у параўнанні з 2009 годам значна вырасла. У цэлым праграма працы па гэтых прадпрыемствах у 2011 годзе Нацбанкам будзе цалкам завершана. У далейшым іх развіццё працягнецца, але ўжо без падтрымкі Нацыянальнага банка, распавёў старшыня НББ.

Акрамя гэтага, прэзідэнт быў праінфармаваны аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выразнага захавання тэрмінаў выканання праграмы і жорсткага кантролю за эфектыўнасцю расходавання сродкаў на развіццё Палесся.

Як паведамляў Тэлеграф, раней 22 лютага пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна прапанавала беларускім уладам узмацніць жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі і дэвальваваць нацыянальную валюту.

Как вам новость?
Головоломки