Нацбанк пакуль не працягне зніжаць стаўку рэфінансавання

15.06.2010 11:28
Архив Редакция

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч заявіў 15 чэрвеня, што ў найбліжэйшы час стаўка рэфінансавання зніжацца не будзе. Па словах кіраўніка Нацбанка, яна ўжо знаходзіцца ў межах, устаноўленых асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, — на ўзроўні 12% (пры указаных у АНГКП 9-12%).

«Далейшыя змены стаўкі рэфінансавання будуць залежаць ад узроўню інфляцыі. Пры зніжэнні інфляцыі будзе зніжацца і стаўка рэфінансавання», — прыводзіць словы Пятра Пракаповіча БелТА.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Нацыянальны банк сёлета ўжо тройчы зніжае стаўку рэфінансавання — да 13% гадавых з 17 лютага, да 12,5% — з 19 красавіка і да 12% — з 12 тарўня.

У пачатку сакавіка кіраўнік Нацбанка заяўляў, што, «улічваючы наяўныя макраэканамічныя ўмовы і дынаміку інфляцыі, на паказчык 12% неабходна выходзіць ўжо ў другім квартале». «Гэта звязана з тым, што запланаваны эканамічны рост не можа мець месца пры высокіх працэнтных стаўках», — патлумачыў тады Пётр Пракаповіч.

У той жа час НББ рэкамендаваў беларускім банкам зніжаць працэнтныя стаўкі на 0,5-1% штомесяц. «У цяперашні час пытанні крэдытавання дзяржаўных і буйных прадпрыемстваў вырашаюцца шляхам патаннення працэнтных ставак за кошт бюджэту. На гэта вылучаныя вялікія рэсурсы, — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка ў сваім дакладзе прэзідэнту. — Інакш ідзе справа з крэдытаваннем насельніцтва, малога і сярэдняга бізнэсу. Гэтыя катэгорыі пазычальнікаў ў поўным аб’ёме адчулі на сабе ўдар росту працэнтных ставак».

Как вам новость?