Нацбанк: павышэнне заробку да 500 даляраў не прывядзе да дэвальвацыі

30.07.2010 09:30
Архив Редакция

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі запэўніў 29 ліпеня, што запланаванае ўладамі павышэнне сярэдняга заробку да 500 даляраў не прывядзе да дэстабілізацыі валютнага рынку ў краіне і дэвальвацыі рубля. "Мы ўсе пытанні адсочваем, прагназуем... Усё будзе нармальна, стабільна", — сказаў кіраўнік Нацбанка.

Па словах старшыні НББ, галоўны банк краіны не мае намеру штучна праводзіць дэвальвацыю, а ў першым паўгоддзі курсавая палітыка «праходзіла ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі: на 1 ліпеня 2010 года курс рубля да кошыка валютаў склаў 1025,16 рубля, умацаваўшыся з пачатку года на 1,1%», перадае БелаПАН.

«Дэвальвацыя ідзе да даляра і расійскага рубля, а да еўра ідзе ўмацаванне. І калі да еўра рубель умацаваўся за паўгады больш чым на 10%, то гэта не праблема беларускага рубля, а праблема еўра», — растлумачыў Пётр Пракаповіч.

Як адзначыў кіраўнік Нацбанка, ваганні курсу рубля застануцца ў межах вызначанага на гэты года калідора +/- 10%, і яго стабільны курс дазволіць у сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве забяспечыць пастаянны эканамічны рост.

Чарговае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду ўрад запланаваў на 1 лістапада 2010 года. Для дасягнення паказчыка ў 500 даляраў яна павінна вырасці на 31-34% да 118-120 тыс. рублёў, аднак старшыня НББ лічыць, што адначасова падвышаць заробкі настолькі немэтазгодна.

«Я згодны, што, можа быць, няправільна павышаць стаўку адразу з 1 лістапада. Можа, трэба было гэта рабіць паступова — з першага верасня, кастрычніка, лістапада», — сказаў Пётр Пракаповіч.

Пракаповіч: у нас эканоміка еўрапейскага тыпу, дзе галоўнае — павышэнне ўзроўню жыцця людзей

Па словах кіраўніка Нацбанка, для дасягнення прагнозных паказчыкаў эканамічнага росту неабходна павышаць пакупальніцкую здольнасць насельніцтва, з прычыны чаго павышэнне заробку да 500 даляраў — «рэальная аб’ектыўная неабходнасць, якая ўвогуле не павінна абмяркоўвацца».

«Калі мы не будзем нарошчваць заробак, то бок не будзем нарошчваць спажывецкія магчымасці насельніцтва, у нас няма будучыні, і не будзе развіцця эканомікі», — заявіў старшыня НББ.

«У нас эканоміка еўрапейскага тыпу, дзе галоўнае — павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. І калі гэтую галоўную мэту мы не выконваем, тады нам трэба абраць іншую мадэль і развівацца па іншых шляхах», — лічыць кіраўнік галоўнага банка краіны.

«На наступную пяцігодку запланаваны рост зарплаты да ўзроўню не менш за тысячу даляраў. Гэта значыць, што прадукцыйнасць працы павінна як мінімум павялічыцца ў два разы. І калі цяпер мы не правядзем мадэрнізацыю, потым будзе цяжэй», — падсумаваў Пётр Пракаповіч.

Как вам новость?