Нацбанк прапаноўвае ўзмацніць жорсткасць манетарнай палітыкі

29.04.2011 15:14
Архив Редакция

Нацыянальны банк Беларусі выступае за правядзенне жорсткай манетарнай палітыкі ў краіне. Пра гэта было заяўлена ў ходзе пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка, якое прайшло 28 красавіка. У Нацбанку лічаць, што ўзмацненне жорсткасці манетарнай палітыкі будзе спрыяць стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку і стварэнні ўмоваў для нарошчвання міжнародных рэзервовых актываў.

Нацбанк для прадухілення развіцця негатыўных тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы, у тым ліку ціску на курс беларускага рубля, ужо прыняў шэраг мер па ўзмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама шэраг аператыўных мер часовага характару (у тым ліку накіраваныя на павышэнне стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах).

Як адзначылі ў Нацбанку, для захавання золатавалютных рэзерваў краіны сумесна з урадам быў прыняты шэраг «паслядоўных рэгулючых крокаў, накіраваных на змяненне ўмоваў функцыянавання ўнутранага валютнага рынку і зніжэнне попыту на замежную валюту з боку суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва, а таксама павышэння канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту».

Адной з найважнейшых задач грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў Нацбанку лічаць рэалізацыю мер па мінімізацыі адмоўнага ўплыву негатыўных працэсаў у эканоміцы і фінансава-крэдытнай сфэры і падтрыманне фінансавай стабільнасці краіны ў цэлым.

Важнейшай задачай урада і Нацбанка з’яўляецца нарошчванне дзяржаўных золатавалютных рэзерваў, набліжэнне іх да ўзроўню, які адпавядае трохмесячнаму імпарту. У Нацбанку таксама лічаць неабходным прымаць меры па падтрыманні працэнтных ставак у рэальным выражэнні на станоўчым узроўні. Гэта будзе садзейнічаць фармаванню зберажэнняў у нацыянальнай валюце і фармаванню адэкватных актываў, лічаць у Нацбанку.

Нацбанк заклікае банкі павышаць узровень сацыяльнай адказнасці

У ходзе пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка асаблівая ўвага кіраўніцтва беларускіх банкаў была звернута на неабходнасць павышэння сацыяльнай ролі і адказнасці банкаў.

У Нацбанку таксама канстатавалі, што, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы, з пачатку гэтага года ў Беларусі адбылося пагаршэнне фінансава-эканамічных паказчыкаў краіны. Так, паскораны рост у студзені-сакавіку значэння індэкса спажывецкіх цэн, адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі абумовілі зніжэнне міжнародных рэзервовых актываў у нацыянальным вылічэнні на 0,9 млрд. даляраў і ў міжнародным вылічэнні — на 1,27 млрд. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки