Нацбанк: у Беларусі не адбылося афіцыйнай дэвальвацыі

12.05.2011 11:18
Архив Редакция

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў, каментуючы адмену рэкамендацыйных абмежаванняў для банкаў па курсах куплі-продажу замежнай валюты, растлумачыў, што афіцыйна дэвальвацыю рубля не праводзілі. "Афіцыйная дэвальвацыя — гэта дэвальвацыя афіцыйнай нацыянальнай валюты. Такой дэвальвацыі ў нас не адбылося", — заявіў прадстаўнік Нацбанка.

Дазвол на свабодны курс замежнай валюты Анатоль Драздоў назваў «увядзеннем рынкавых адносін на вузкім сегменце рынку». «Не заўсёды такія меры вядуць да дэвальвацыі. Чамусьці ўсе лічаць, што калі курс усталюецца, то ён будзе абавязкова высокім. А чаму ён не можа вярнуцца ўніз, да афіцыйнага? Такія прыклады ў нашай практыцы ўжо былі», — заявіў прадстаўнік Нацбанка.

Пры гэтым Анатоль Драздоў запэўніў, што афіцыйны курс Нацбанка застанецца ў тых жа рамках, што і да ўвядзення свабоднага абменнага курсу. Аднак, як доўга Нацбанк зможа ўтрымліваць афіцыйны курс на адным узроўні, Анатоль Драздоў удакладніць не змог, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Прадстаўнік Нацбанка патлумачыў, што пасля дазволу вольнага абменнага курсу бакі маюць права ўсталёўваць любы курс без узгаднення з Нацбанкам. Аднак Анатоль Драздоў адзначыў, што на курс, які вызначае банк, істотны ўплыў аказвае канкурэнцыя. «Калі адзін банк паставіць курс 4,5 тыс., а другі — 4 тыс., то вы разумееце, у каго будуць купляць даляры. А канкурэнцыя на беларускім банкаўскім рынку існуе, і досыць жорсткая», — заявіў Анатоль Драздоў.
Начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка таксама перакананы, што дадзены крок станоўча паўплывае на сітуацыю з наяўнай валютай у краіне. Паводле яго слоў, пасля таго, як абменны курс «адпусцілі» «сэнс чэргаў каля абменнікаў губляецца».

Анатоль Драздоў таксама заявіў, што Нацбанк працуе ў цесным кантакце з камерцыйнымі банкамі краіны, і іх кіраўнікі ў курсе ўсіх рашэнняў і планаў Нацбанка, таму «імкнуцца працаваць у адной камандзе». «У нашай краіне ў банкаўскім асяроддзі, існуюць дэмакратычныя адносіны, якім зайздросцяць многія краіны-суседзі. Такое цеснае супрацоўніцтва Нацыянальнага банка з камерцыйнымі сустракаецца ў свеце рэдка», — падкрэсліў Анатоль Драздоў.

Як перадаваў Тэлеграф, з 11 траўня 2011 года Нацыянальны банк Беларусі адмяніў рэкамендацыйныя абмежаванні па ўстанаўленні банкамі курсаў угодаў па куплі-продажы замежнай валюты з насельніцтвам, вызначаныя ў памеры +/-2% ад афіцыйнага курсу. Як растлумачылі ў Нацбанку, гэта зроблена ў «рамках рэалізацыі плана паэтапнага выхаду на адзіны курс беларускага рубля і стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку».

Как вам новость?