Нацбанк: валютная выручка Беларусі вырасла на 62%

22.04.2011 15:29
Архив Редакция

Нацыянальны банк Беларусі канстатуе "ўстойлівую тэндэнцыю росту валютнай выручкі ад экспарту тавараў і паслуг". Па выніках сакавіка Беларусь атрымала ад экспарту каля чатырох мільярдаў даляраў, то бок павелічэнне валютнай выручкі склала да лютага 2011 года 38%, да сакавіка 2010 года — 82%. У I квартале гэтага года валютнай выручкі паступіла каля дзевяці мільярдаў даляраў у эквіваленце. Гэта амаль на 62% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

«Валютная выручка прадпрыемстваў з’яўляецца важнейшай крыніцай прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку. Рост аб’ёмаў яе паступлення спрыяе павышэнню збалансаванасці попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку і знешнеэканамічнай ўстойлівасці краіны ў цэлым», — заявілі ў Нацбанку.

Як раней перадаваў Тэлеграф, з сакавіка на валютным рынку Беларусі назіраецца ажыятаж. Набыццё наяўнай валюты для насельніцтва становіцца сур’ёзнай праблемай, бо ў многіх абменніках яе папросту няма ў наяўнасці. Па заявах уладаў, у цяперашняй сітуацыі вінаватыя самі грамадзяне. Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання валютнага кантролю Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Мароз, у студзені 2011 года насельніцтва скупіла 50 млн. даляраў, у лютым — 12 млн., а ў сакавіку — 700 млн. даляраў пры тым, што за ўвесь 2010 год беларусы купілі 1,5 млрд. даляраў. Вырашыць праблему з валютай ўлады паабяцалі ў траўні.

Как вам новость?
Головоломки