Нацбанк: зніжэнне ставак па крэдытах у Беларусі працягнецца

20.07.2010 08:53
Архив Редакция

Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч даклаў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку аб выкананні Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі ў першым паўгоддзі 2010 года. Кіраўнік НББ падкрэсліў, што за гэты перыяд вялікая праца праведзена па зніжэнні працэнтных ставак па крэдытах.

Як расказаў Пётр Пракаповіч, у цэлым за шэсць месяцаў гэтага года працэнтныя стаўкі зніжаны для юрыдычных асобаў больш чым на 5 працэнтных пунктаў. Так, калі ў студзені ў сярэднім працэнтная стаўка па выдадзеных крэдытах складала больш за 21%, то па выніках чэрвеня яна склала 16,5% у цэлым, а для юрыдычных асобаў — у сярэднім 15,4%. Стаўка рэфінансавання за гэты перыяд зніжана з 14% да 11,5%, праінфармаваў кіраўнік НББ.

Старшыня Нацбанка падкрэсліў, што праца па зніжэнні працэнтных ставак будзе працягнутая і ў трэцім і чацвертым кварталах, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Пракаповіч: рэзкіх ваганняў курсу рубля да канца года не будзе

Пётр Пракаповіч таксама запэўніў Аляксандра Лукашэнку, што курс рубля застанецца стабільным і рэзкіх яго ваганняў звыш прадугледжанага калідора +/-2-3% да канца года не адбудзецца. Па словах галоўнага банкіра краіны, для гэтага існуюць усе неабходныя ўмовы, у тым ліку ў наяўнасці адпаведныя золатавалютныя рэзервы: на першага ліпеня ў нацыянальным азначэнні яны перавышаюць шэсць мільярдаў даляраў.

Пракаповіч: Нацбанк забяспечыць далейшае крэдытаванне эканомікі

Як адзначыў у сваім дакладзе кіраўнік НББ, у першым паўгоддзі вялікая ўвага надавалася крэдытаванню рэальнага сектара эканомікі.

«На 1 ліпеня 2010 года ў параўнанні з 1 ліпеня мінулага года крэдытная запазычанасць прадпрыемстваў перад банкамі павялічылася ў 1,32 разы, фактычна ўся патрэба ў крэдытаванні была забяспечана. Таму асаблівая ўвага была нададзена крэдытаванню дзяржаўных праграмаў, якое было павялічана ў 1,4 разы», — распавёў Пётр Пракаповіч.

Найбольш жа хуткімі тэмпамі развівалася льготнае крэдытаванне жылля, падкрэсліў галоўны банкір Беларусі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў першым паўгоддзі гэтага яно павялічылася больш чым у 1,54 разы. Як запэўніў старшыня Нацбанка, у цяперашні час у банкаўскай сістэме ёсць усе неабходныя рэсурсы для таго, каб забяспечыць далейшае крэдытаванне эканомікі. Пётр Пракаповіч таксама адзначыў важнасць таго, што крэдытаванне эканомікі забяспечваюць усе банкі, а не толькі дзяржаўныя.

Пракаповіч: банкаўская сістэма цалкам забяспечана рэсурсамі

Кіраўнік НББ праінфармаваў прэзідэнта і аб тым, што ў першым паўгоддзі надзейна і без збояў працавала плацежная сістэма. «Усе плацяжы праходзяць своечасова, і банкаўская сістэма забяспечана ў поўным аб’ёме неабходнымі рэсурсамі. Калі ў пачатку года ліквіднасць банкаў была недастатковай, то з сакавіка гэтая сітуацыя кардынальна змянілася. Нацбанк вымушаны адбіраць лішнія грошы ў банкаў шляхам выкупу, продажу каштоўных папер і іншымі спосабамі», — распавёў старшыня Нацбанка.

Пётр Пракаповіч выказаў надзею, што ў найбліжэйшы час вырасце актыўнасць прадпрыемстваў, якія пачнуць больш прад’яўляць эфектыўных праектаў, і крэдытаванне ў другім паўгоддзі будзе ісці больш паскоранымі тэмпамі, чым у першым.

У сваю чаргу, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб да канца года так жа выразна была забяспечана праца банкаўскай сістэмы, асабліва напрамкаў, якія тычацца крэдытавання эканомікі, зніжэння працэнтных ставак. Як падкрэсліў Пётр Пракаповіч, Нацбанк будзе паскараць гэтую працу і працаваць больш эфектыўна да канца года.

Как вам новость?